У Крэўскім замку пачаліся работы першай чаргі па кансервацыі і рэканструкцыі Княскай вежы, паведамляе Белсат. У найбліжэйшы час яе ўмацуюць, але масштабных планаў па аднаўленні Крэўскага замка можна не чакаць.

Княскую вежу і прылеглыя 10 метраў сцен з абодвух бакоў расчысцяць ад спарахнелай муроўкі, потым яе павінны ўмацаваць. Усе працы робяцца за бюджэтныя сродкі дзяржаўнымі арганізацыямі. Замоўцам кансервацыі выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкама, выканаўцам — ТАА «Белрэстаўрацыя».

Цяпер каля вежы стаяць рыштаванні.

«Там не павінна быць праблем, калі ў рабочых нармальныя рукі, — распавядае Ігар Мяфодзіевіч Чарняўскі, былы начальнік упраўлення па ахове спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Прынялі такі варыянт — закансерваваць вежу. Агулам гэта робіцца па прыкладзе Медніцкага замка ў Літве. У Крэўскі замак прыязджаюць турысты, і гэтая плынь можа актывізавацца, калі замак будзе закансерваваны і хаця б трошкі прыстасаваны да больш камфортнага наведвання. Магчыма, там з’явіцца нейкая невялічкая экспазіцыя. У Медніках паставілі асобны дамок. Можа, і ў нас штосьці падобнае будзе, або прыстасуюць нешта з суседніх будынкаў».

У перспектыве вежу можна аднавіць. Ёсць фотаздымкі, як яна выглядала яшчэ да Першай сусветнай вайны. Але гэта патрабуе шмат грошай.

Разваліны Крэўскага замка. Як ён выглядаў у рэчаіснасці падчас свайго росквіту, дакладна невядома

Пашпарт будаўнічага аб’екта

Будаўнікі павінны пачысціць спарахнелую цэглу і ўмацаваць Княскую вежу і сцены каля яе.

Тое, што мы бачым цяпер у Крэве, — гэта ўнутраная забудова замка. Вонкавы камень абсыпаўся цягам стагоддзяў.

Сёння існуе шмат выяў Крэўскага замку ў малюнках або макетах. Але іх нельга прымаць за ілюстрацыю дакладнага выгляду замка.

Фотаздымак з фэйсбука гісторыка Алега Дзярновіча. Польская кансервацыя Крэўскага замка 1929-1930 гадоў.

Крэва і наваколле — цукерка для турыстаў

Крэўскі замак — адзін з найстаражытнейшых мураваных замкаў у ВКЛ, тым больш ён унікальны на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ёсць ускосныя сведчанні, што замак забудоўваўся не ў 14-м стагоддзі, як прынята лічыць, а яшчэ ў 13-м. Ігар Чарняўскі шмат працаваў на раскопках у Крэве і распавядае, што падмурак замка — вельмі архаічны, а праца будаўнікоў замка была проста пякельнай. Каб паставіць мур на балоцістай глебе, сярэднявечным працаўнікам трэба было капаць балота на 5-6 метраў у глыбіню, каб дасягнуць цвёрдага падбалотнага грунту.

Акрамя гэтага, архітэктура Крэўскага замка сведчыць пра тое, што Княская вежа — першая сярод вядомых у ВКЛ вежа-данжон.

За 20 кіламетраў ад Крэва знаходзіцца Гальшанскі замак, рэзідэнцыя Сапегаў у 16—17 стагоддзі, вёска Баруны з базыльянскім манастыром, вядомая раней на ўсё ВКЛ. Наўпрост праз Крэва праходзіла лінія фронту Першай сусветнай вайны.

«Тут на адным месцы можна было б распрацаваць вельмі цікавы турыстычны асяродак, — кажа Ігар Чарняўскі. — Крэўскае наваколле цікавае яшчэ і сваймі краявідамі. Яны маюць свой сэнс. — Усе можна цікава падаць».

Пасля Першай сусветнай вайны ў 1929 польскія ўлады правялі некаторыя работы па ўмацаванні, і з той пары да нашых дзён ён дажыў у тым выглядзе, у якім ёсць.

«Стан вельмі дрэнны. Фактычна, тое, што мы бачым, гэтыя муры сцен, — гэта ўжо не самыя сцены, а гэта ўнутраная забудова. На адсоткаў 80, можа 70, вонкавы камень абсыпаўся, і мы сёння маем справу наўпрост з тым, што было ўнутры. І ўявіце сабе, столькі гадоў ён стаяў», — кажа Ігар Чарняўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?