Увайсці на сустрэчу мог кожны. На ўваходзе цётачкі для нечага выдавалі квіткі з нумарамі месцаў, хоць людзі маглі б і самі рассесціся, куды хочуць. Мы трапілі на першы шэраг. Туды ж дастаўся квіток вядомаму гарадскому персанажу Руслану Зголічу.

Святлана Алексіевіч была ў касцюме колеру лаўровага ліста і пясочным шаліку-снудзе. Аляксандр Сакураў быў у няновым чорным касцюме без гальштука і чорнай кашулі. Сустрэча адбывалася ў Доме кіно — кіназале ў класічным стылі.

На пачатку сустрэчы паказалі кароткі дакументальны фільм Сакурава «Элегія», зняты ў 1986 годзе. Ён быў прысвечаны спеваку Фёдару Шаляпіну і яго перапахаванню ў Расіі і зняты ў тыповай сакураўскай манеры: ён зафіксаваў абед дачок Шаляпіна ў ягонай колішняй кватэры ў Пецярбургу.

Алексіевіч адзначыла: «Мяне заварожвае рытм у вашых фільмах. Я ставіла вашы фільмы, каб трохі спыніцца, калі адчувала, што жыццё ідзе занадта хутка».

Арганізацыі на сустрэчы не было ніякай, не было і драматургіі. Сакураў стаяў за трыбунай. Алексіевіч сядзела. Пасля да яе далучылася Таццяна Цюрына, якая зачытвала пытанні, якія лічыла вартымі ўвагі рэжысёра. Пытанні ў зале ніхто не збіраў, у выніку міма Сакурава сноўдалі людзі з цыдулкамі. Гэта збівала ўвагу.

Здаецца, палітычныя пытанні Сакураву Алексіевіч і Цюрына адсейвалі. Цяжка сказаць, ці гэта была ягоная просьба, ці крок насустрач Дому кіно, дзе адбывалася сустрэча.

Большасць аўдыторыі складалі пенсіянеры. Магчыма, моладзь проста не ведала, што паслухаць Сакурава можа кожны.

У зале быў і адзін правакатар — мужчына гадоў сарака. Адзін раз ён выкрыкнуў Сакураву: «Русафоб!» Гэта перабіла рэжысёра, і ён страціў ніць гаворкі. Алексіевіч прапанавала мужчыну пакінуць залу. Сакураў сказаў: не, няхай застаецца. Той застаўся і ў іншым месцы зноў паспрабаваў збіць госця з панталыку. Тады да мужчыны падышоў ахоўнік Дома кіно і паспрабаваў яго вывесці. Падышлі і мужчыны з залы, а таксама журналісты, але нікому не хацелася скандалу, не было асобы, якая б узяла правакатара за шкірку і павяла, таму ён застаўся сядзець. Яшчэ і пад заслону ён паспеў з месца выкрыкнуць пытанне: «Дык чый Крым?» «Ваш Крым, ваш», — адмахнуўся ад яго Сакураў.

Дыялогу з залай не адчувалася. Сакураў гаварыў сваё, зала маўчала, толькі пад канец сустрэчы стала трохі апладысментамі выказваць сваё стаўленне да слоў. У зале стаяў мікрафон, але вядоўцы не асабліва прасілі задаваць пытанні праз яго. У выніку праз мікрафон з Сакуравым камунікавалі толькі два чалавекі. Гэта Руслан Зголіч і яшчэ адзін рэжысёр, Аляксей Туровіч. Сакураў з выключнай інтэлігентнасцю адказаў на рэплікі і першага, і другога.

Сакураў зрабіў уражанне вельмі сумленнага, сціплага чалавека. Ён гаворыць нягучна, вельмі спакойна. Тое, што ён стаў кінарэжысёрам, ён назваў выпадковасцю. «Так здарылася. Я не фанатык. Я просты рабочы». Ён апісаў, як маці адгаворвала яго ад рэжысёрства, казала, што ў іх простай сям’і (бацька Сакурава быў афіцэр, ветэран вайны) Сакураў не атрымаў базавых ведаў і звычак, патрэбных для такой складанай прафесіі.

Сакураў імкнуўся гаварыць пра вечныя каштоўнасці і пазбягаў канкрэтных пытанняў нашага часу. Вось некалькі ягоных выказванняў:

«Уся гісторыя — гэта гісторыя фанабэрыі мужчынскай, бо нам вядомая толькі тая частка гісторыі, дзе наверсе былі мужчыны».

«Людзі ва ўладзе заўсёды паводзяць сябе аднолькава. І кожны мужчына, які атрымлівае ў свае рукі ўладу, паводзіць сябе гэтаксама, як і ягоны папярэднік нават 300 гадоў таму».

«Палітыка — дэструктыўная і брудная прастора, таму там нельга не здзяйсняць памылак і злачынстваў».

«Усе людзі, якія атрымлівалі агромністую ўладу, усе былі глыбока няшчасныя, ва ўсіх была няшчасная гісторыя. За кожным ёсць гісторыя простага чалавечага няшчасця, жудаснай маладосці або сямейнага жыцця. Усе людзі, якія атрымалі вялікую ўладу, былі катастрафічна нешчаслівыя».

У той жа час момантамі Сакураў гаварыў спрэчныя рэчы, напрыклад: «Розніца паміж левымі і правымі ёсць, бо левыя заўсёды будуць перамагаць. Больш за тое, толькі яны сфармулявалі сваю ідэю для рэвалюцыі і здолелі пісьмова аформіць гэтую самую ідэю, аб’яднаўшы эканоміку і палітыку».

Або: «Тое, што адбываецца сёння ў палітычнай прасторы Еўропы і Расіі, — гэта нельга называць палітыкай. Палітыка можа быць толькі ў руках маладых людзей, незалежных ад традыцый, якія яшчэ не завязлі ў грахах, чалавечых і маральных».

Ці яшчэ: «Ці можа ў Расеі кіраваць жанчына? Не! Больш за тое, жанчыны-палітыкі вельмі складаныя арганізмы, абсалютна непрадказальныя».

Адносна цяперашняй палітычнай сітуацыі Сакураў гаварыў без пераходу на асобы і абагулена.

«Цяпер вакол адна хлусня. І вельмі часта цяпер гэтая хлусня сыходзіць ад дзяржавы».

«Я хачу дзеяння законаў, дзеяння канстытуцыі ў сваёй краіне. Палітычнай барацьбы роўнавялікіх, і справядлівасці».

Адносна Беларусі ён сказаў: «На маю думку, Беларусь па сваёй культуры і сацыялізацыі найлепш падрыхтаваная да таго, каб уступіць у Еўрасаюз». Гэтыя словы зала сустрэла апладысментамі. Як і словы, што ягоны бацька-франтавік казаў, што беларусы — гэта сапраўдныя людзі, перад якімі варта ўстаць на калені. Але найбольшыя апладысменты выклікала яго пахвала Святлане Алексіевіч як вялікай пісьменніцы нашага часу.

На сустрэчы былі заўважаныя бізнэсовец Павел Данэйка, эканаміст Сяргей Чалы, літаратуразнаўца Сяргей Шапран, фотамастак Андрэй Лянкевіч, іншыя вядомыя людзі.

На завяршэнне сустрэчы і Алексіевіч адказала на пытанне з залы, калі ўжо Беларусь стане свабоднай. «Ніхто нам з тэлевізара не скажа: цяпер вы свабодныя, — пажартавала яна і параіла: — Каб дасягнуць свабоды, кожнаму на сваім участку трэба супраціўляцца».

Вось відэазапіс сустрэчы, зроблены радыё «Свабода»:

* * *

66-гадовы Аляксандр Сакураў працуе ў жанры інтэлектуальнага кіно. Ягоныя фільмы «Малох», «Цяля», «Аляксандра», «Расейскі каўчэг» былі намінаваныя на «Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафестывалю. А «Фаўст» у 2011 годзе здабыў «Залаты Леў» Венецыянскага фестывалю.

Сакураў у кіно складана эксперыментуе: ягоны «Расейскі каўчэг» [«Русский ковчег»] быў зняты адным суцэльным кадрам, без мантажу.

Сакураў не проста рамеснік кіно. Ён інтэлектуал, які займае выразную палітычную пазіцыю.

У снежні 2016 года ён не пабаяўся на сустрэчы з Пуціным у твар папрасіць вызвалення арыштаванага ў Крыме па абвінавачванні ў тэрарызме ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.

У сакавіку 2014 года, калі Расія пагрузілася ва ўра-патрыятызм на хвалі анексіі Крыма, Сакураў выступіў з заявай, у якой адзначыў, што выкарыстанне ваеннай сілы супраць украінцаў будзе мець незваротныя наступствы для самой Расеі. Ён заклікаў расіян паважаць жаданне украінцаў жыць асобнай дзяржавай: «Мы не адзін народ з украінцамі, мы розныя. У нас ўнутрана розныя культуры.

Нездарма ўкраінцы заўсёды хацелі жыць асобнай дзяржавай. Так, мы блізкія, у нас ёсць шмат падобнага, але гэта не азначае, што мы адзін народ. Гэта зусім не так. Мы розныя і нам гэтую рознасць трэба паважаць і шанаваць».

На выбарах 2016 года Сакураў узначальваў пецярбургскі спіс апазіцыйнай партыі «Яблык», пры гэтым застаючыся беспартыйным.

А ў лютым 2017 года Аляксандр Сакураў сказаў, што расейскія палітычныя каментатары, а таксама супрацоўнікі расійскага тэлебачання і радыёвяшчання рана ці позна паўстануць перад Гаагскім трыбуналам, паколькі яны «з'яўляюцца правакатарамі, якія падчас пажару раскідваюцца запалкамі».

«Яны павінны быць пакараныя, — дадаў Сакураў. — Гэта ж проста злачынцы, якія працуюць і на дзяржаўных, і на прыватных каналах. І там, і там няма ніякай адказнасці за падобныя паводзіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?