Фота тут і далей — «Радыё Свабода»

Фота тут і далей — «Радыё Свабода»

Сотні свечак каля соцень крыжоў, а на самай гары людзі ў рэжыме нон-стоп чыталі вершы і спявалі пад гітару. Упершыню ў Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў» у памяць пра забітых у 1937 годзе.

Тады ноч з 29 на 30 кастрычніка стала кульмінацыяй расстрэлаў, калі толькі ў Мінску было загублена 102 жыцці, сярод іх міністры і класікі літаратуры.

Нягледзячы на залеўны дождж, у Курапатах з ініцыятывы Змітра і Насты Дашкевічаў і Эдуарда Пальчыса сабралася каля ста чалавек. Сярод іншых, тут былі літаратары Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў, бізнэсовец Павел Бераговіч, барды Анатоль Івашчанка і Алег Мізула. Дыпламатычны корпус рэпрэзентаваў пасол Польшчы Конрад Паўлік.

Ахвотнікі раздавалі дажджавікі і каву. У бочках палілі дровы, каб людзі маглі грэцца.

За парадкам сачылі некалькі пар міліцыянтаў. На момант напісання гэтага паведамлення ніякіх інцыдэнтаў зафіксавана не было.

Відэазапіс ночы ў Курапатах, зроблены радыё «Свабода», можна пабачыць тут:

Усяго саветы рэпрэсавалі каля 600 тысяч жыхароў Беларусі. Прыкладна 200 тысяч з іх загінулі.

Былі рэпрэсаваныя практычна ўсе моцныя вясковыя гаспадары, усе міністры і топ-менеджары прадпрыемстваў, большасць акадэмікаў і прафесараў, 90% пісьменнікаў, незалежна ад нацыянальнасці і палітычных перакананняў.

Як і гітлераўскі, сталінскі рэжым вынішчаў эліты падкантрольных народаў, каб падавіць іх здольнасць да супраціву. Рэпрэсіі ў Беларусі былі асабліва маштабнымі, бо наша краіна межавала з еўрапейскімі, а значыць, лічылася патэнцыйна здольнай да паўстання і аддзялення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?