Усяго на ўліку ў Барысаўскім РУУС знаходзяцца 52 жанчыны, якія аказвалі сэксуальныя паслугі за ўзнагароджанне.

Падпалкоўнік міліцыі Ігар Пазнякоў распавёў газеце «Адзінства» падрабязнасці пра жанчын, якія зарабляюць на жыццё сэкс-паслугамі.

Сярэдні ўзрост — 25-30 гадоў, незамужнія, беспрацоўныя, часам ужываюць наркотыкі, нярэдка жывуць з раней судзімымі мужчынамі.

«Найбольш частымі адказамі на пытанне, што змушае гандляваць сваім целам, становяцца наступныя: «Працую ад безвыходнасці», «Бядотнае становішча ў сям'і», «Трэба карміць дзяцей». Але, як паказвае практыка, гэта хлусня, а праўдзівы матыў складаецца ў нежаданні працаваць», — кажа Пазнякоў.

Часцей за ўсё прастытутак можна сустрэць на трасах і запраўках, а паслугамі у асноўным, карыстаюцца дальнабойшчыкі. Прычым нарказалежныя жанчыны, як правіла, з'яўляюцца носьбітамі вірусу гепатыту С, падкрэсліваюць міліцыянты.

Занятак прастытуцыяй караецца штрафам ад 6 да 20 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання, караецца штрафам ад 30 да 50 базавых велічынь або ізноў жа арыштам. Аднак штрафы і арышты толькі прыпыняюць ненадоўга «працоўную дзейнасць» жанчын і асабліва не ўплываюць на іх паводзіны ў далейшым, кажа міліцыянт.

«Бывае, дзеяздольныя жанчыны, якія не хочуць працаваць, прысвячаюць гэтаму ганебнаму занятку дзясяткі гадоў, — распавядае Пазнякоў. — Напрыклад, адна з цяперашніх падуліковых, якая вырасла ў паспяховай сям'і, аднойчы апынулася ў дрэннай кампаніі і пачала ўжываць наркотыкі. У дзяўчыны з'явілася штодзённая патрэба ў грошах, а людзі, што пасадзілі яе на іголку, падказалі, дзе іх можна хутка зарабіць. Прайшло шмат гадоў, але жанчына так і не змяніла свой лад жыцця, нягледзячы на шматлікія заклікі парваць з мінулым».

Цікава, што па словах міліцыі, мясцовыя прастытуткі «выбіраюць для сябе зручны графік і часцей працуюць у дзённы час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?