Вэб-рэдактарка НН Юлія Міцкевіч прынесла ўчора ў Рэдакцыю вось такі фірмовы пірог.
Гэты чалавек на працягу чатырох гадоў складаў стужку навін у другой палове дня, мужна прымаў каментары, дзяліўся здымкамі прыроды ў рубрыцы «Прыгожае», а ад нядаўна — і рэцэптамі выпечкі ў «Нашай Ніне». Юля часова складае свае паўнамоцтвы вэб-рэдактара, але смакатой абяцае радаваць і надалей.
(Не зайздросціце! Пірага хутка не стала.)
А вось яго рэцэпт, можаце паўтарыць:
Вам спатрэбіцца:
- 100 г масла
- 2/3 шклянкі цукру
- 2 яйкі
- 1 шклянка гарбузовага пюрэ
- 1/2 шклянкі апельсінавага соку
- 1/4 шклянкі малака
- 1 ст.л. апельсінавай цэдры
- 2 шклянкі мукі
- 3 ч.л. разрыхляльніку
- 1/2 ч.л. соды
- дробка солі
- 1 ч.л. цынамону
- 1/2 ч.л. імбіру
Як гатаваць:
1. Узбіць размякчанае масла з цукрам (3—4 хвіліны), дадаць па адным яйкі, узбіваючы пасля кожнага яшчэ па хвіліне.
2. У асобнай місцы змяшаць гарбузовае пюрэ, сок і цэдру апельсіна, малако.
3. У трэцяй місцы змяшаць муку з разрыхляльнікам, содай, соллю і спецыямі.
4. Чаргуючы, паступова дадаць гарбузовую і мучную сумесі ў масляна-яечную, добра размяшаць.
5. Выпякаць на на 180°С каля 45—50 хвілін (у шырокай і плоскай форме пячэцца хутчэй, у больш высокай і вузкай — хвілін на 10—15 больш).
6. Пірог смачны і сам сабою, але можна зрабіць крэм: узбіць смятану з цукровай пудрай (прыкладна 200 г смятаны на 80 г пудры, колькасць пудры рэгулюйце ў працэсе на смак), змазаць крэмам верх пірага і прысыпаць цынамонам. Калі пячэце ў высокай форме, зрабіце крэму ў два разы больш: атрымаецца паўнавартасны торцік:)