«Дзеяслову» — 15. Дата, па-за якой — ДЗЕвяноста нумароў.

Калі памножыць на трыста — атрымаем сярэднюю колькасьць падрыхтаваных да друку старонак. А гэтую лічбу можам сьмела памнажаць яшчэ на пяць — з улікам сярэдняй колькасьці вычытак. І гэта ня кажучы пра тыя тэксты, што «не прайшлі па конкурсе»…

Што такое «Дзеяслоў»? Галоўны рэдактар Барыс Пятровіч калісьці сфармуляваў: люстэрка літаратуры. На люстэрка, як вядома, не наракаюць.

Але, калі казаць пра спецыфіку працы часопіса ў розныя часы, то бок тады, калі былі жывыя народныя (да 2006-га), калі ледзь ня ў кожным нумары друкавалася спадчына Быкава, калі для пачаткоўцы факт публікацыі ў «Дзеяслове» быў актам ініцыяцыі ў літаратуры, калі нумары раскупаліся па сто асобнікаў за адну вечарыну… Словам, калі параўноваць з тым, як было вось тады, — і з тым, як цяпер, то, насамрэч, зьмены не такія й кардынальныя. Так, народных няма (і больш ня будзе). Так, парадзела чарга ў рубрыку «Дэбют». Так, не раскупляюцца нумары like hotcakes (нават калі пасьля прэзы на філфаку са сьпевамі ды танцамі, дзе ў нумары надрукаваныя сем іх сябровак-філалагінь, нясьмела загаворваеш пра мажлівасьць прыдбаць нумар, студэнты хуценька пакідаюць аўдыторыю, усім выглядам удаючы, што іх чакаюць сям’я ды праца ды сто неадкладных спраў. На філфаку, карл, што казаць пра простых сьмяротных). Але. Выдатных тэкстаў (імха) ня менее. Рэдакцыйная валіза не танчэе. Як ня робіцца танчэйшым сам нумар (калі параўноўваць год 2003 і 2017, то ён патаўсьцеў на 80 старонак). Мажліва, зьмянілася матывацыя аўтара. Ня дзеля славы, а дзеля вечнасьці?.. Пра тое нам невядома. «Дзеяслоў» — гэта штодзённая праца. Цягам 15-ці год. Шэсьць нумароў на год. Праца дзеля вечнасьці? Пра тое нам таксама невядома.

Заўтра, 1 лістапада, дзеяслоўцы чакаюць на юбілейнай імпрэзе ў кавярні-клубе «Грай» усіх, хто не развучыўся чытаць і адчуваць ад гэтага асалоду. ДЗЕйнічайце!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?