У Курапатах 29 кастрычніка, фота Сяргея Гудзіліна

У Курапатах 29 кастрычніка, фота Сяргея Гудзіліна

Паэта і палітыка Уладзіміра Някляева асудзілі на 10 сутак арышту за словы «калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць», сказаныя ім 16 кастрычніка ў эфіры тэлеканала «Белсат» пра акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0», паведамляе Радыё Свабода.

У акцыі Някляеў не ўдзельнічаў. Міліцыянты тады склалі на яго пратакол за «заклік да правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем яго арганізацыі і правядзення».

У судзе Някляеў адразу зрабіў хадайніцтва, каб далучылі да матэрыялаў справы моўную экспэртызу ягонага выказвання ў рэпартажы «Белсат». Экспертызу зрабіў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Таксама палітык прасіў суд далучыць да справы зварот БАЖа ў ягоную абарону. Гэтыя хадайніцтвы суд задаволіў.

У судзе быў зачытаны пратакол адміністрацыйнага парушэння, якое нібыта здзейсніў Уладзімір Някляеў: паводле пратакола, Някляеў нібыта публічна заклікаў да масавага мерапрыемства, заяўленага на 21 кастрычніка, якое Мінгарвыканкам не дазволіў.

Каментуючы у судзе складзены на яго пратакол, Някляеў назваў справу «сфабрыкаванай і зьняважлівай для суда».

«Яны скінулі вам гэтую справу, як сена, маўляў, з'ядуць. Дзе тут мае словы пра тое, што я нібыта заклікаў? Я не адмаўляўся ад словаў «калі ў вас ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць». Гэта ўмоўны сказ, яго вывучаюць ў шостым клясе. Той міліцыянт, які склаў гэты дакумент, непісьменны. Адразу кажу, што спасылка на Хартыю97 да мяне не мае адносін, і загаловак іншы, чым на Белсаце. Гэта проста жаданне пакараць чалавека па нейкіх выдуманых словах і дзеяннях, якія ён не рабіў і не казаў», — заявіў ён.

Таксама ён дадаў, што не казаў журналісту «Белсата», што будзе ў удзельнічаць ў «Маршы абураных беларусаў 2.0», бо не быў упэўнены, ці будзе ў Мінску.

«Як я мог заклікаць да ўдзелу ў мерапрыемстве, у якім сам ня буду браць удзелу і не з'яўляюся арганізатарам? Гэта казаў Статкевіч, але дзе я, а дзе ён. Адзін сядзіць, дык вырашылі і другога пасадзіць?» — сказаў Някляеў.

Суд праглядзеў і відэазапіс інтэрв'ю, якое «Белсат» ўзяў у Някляева 16 кастрычніка ў праграме «Гарачы каментар». Менавіта гэтае інтэрв'ю, паводле матэрыялаў справы, сайт Хартыі97 выкарыстаў для свайго артыкула.

Каментуючы вырак, палітык папярэдзіў, што калі з ім нешта там здарыцца, дык гэта будзе наўмыснае забойства, і сказаў адвакату абскарджаць пастанову суда. Палітык прыйшоў на суд у касцюме, патлумачыўшы, што збіраўся ў лякарню на абследаванне, таму да турмы не гатовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0