Але ў Беларусь прыязджаць Карнеявец усё роўна не хоча.
Вячаслаў Карнеявец з сябрам
Падрабязнасці справы агучыла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова ў эфіры «Альфа-Радыё».
«Фактычна яго [Карнеяўца] месцазнаходжанне на дадзены момант ўстаноўлена, але ўсё гэта зроблена са слоў абаронцы. Падазраваны накіраваў абаронцу і праз яго перадаў, што знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, у Маскве. Пры гэтым ён гатовы мець зносіны са следствам, даваць паказанні, але не на тэрыторыі Беларусі», — распавяла Юлія Ганчарова. Яна ўдакладніла, што ніводная краіна ў свеце не выдае сваіх грамадзян для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. А Карнеявец — грамадзянін Расіі.
Па словах следчых, рыхтуюцца матэрыялы, каб прыцягнуць Карнеяўца да адказнасці на тэрыторыі Расіі.
Нагадаем, Вячаслаў Карнеявец за рулём БМВ падбіў машыну таксі на вуліцы Кальварыйскай у Мінску ў ноч на 7 кастрычніка. Карнеявец не даў рады кіраванню і ўрэзаўся ў слуп, а ад яго машыну адкінула ў суседні аўтамабіль. Пасля сутыкнення ён паспрабаваў збегчы, лічыць ДАІ Мінска. Пасля Карнеяўца знайшлі, высветлілі, што ён п’яны і невядома чаму адпусцілі. Цяпер Карнеявец знаходзіцца па-за межамі Беларусі (меркавана, у Расіі, у яго расійскае грамадзянства).
Пасля ДТЗ міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч ужо паабяцаў, што правераць дзеянні інспектара, які незразумела чаму адпусціў Карнеяўца.
«Вядзецца праверка дзеянняў інспектара, які адпусціў п’янага грамадзяніна. Калі праверка пакажа, што ён парушыў інструкцыю, то будзе пакараны», — запэўніў Шуневіч.
Пацярпелы таксіст быў у коме, цяпер ужо папраўляецца, пераведзены ў агульную палату. Пры гэтым, ніхто з боку Карнеяўца звязацца з ім нават не спрабаваў.
Вячаслаў Карнеявец быў вядомым персанажам і да ДТЗ. Ягоная маці — сузаснавальніца медцэнтра «Нардзін» і прадпрыемстваў у медыцынскай сферы ў Расіі. Бацька — трэнер нацыянальнай каманды па веславанні. Сам Вячаслаў працаваў дырэктарам фітнэс-цэнтра «Нардзін».
Але «праславіўся» Карнеявец пасля таго, як мінскі блогер Антон Матолька апублікаваў фота ягонай «БМВ», запаркаванай нахабна на тратуары. Тады Карнеявец стаў пагражаць Матольку ў сацсетках. Прычым настолькі, што фатограф вымушаны быў адкрыць іх перапіску публіцы, каб перастрахавацца.