Мінск гатовы выдзеліць кантынгент для садзейнічання ўрэгуляванню на Данбасе. Пра гэта заявіў у сераду ў Маскве кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе ТАСС.

«Мы гатовыя выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна ўсім зацікаўленым бакам, для таго, каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач», — падкрэсліў ён.

Пра неабходнасць увядзення міратворцаў на Данбас Кіеў заявіў яшчэ ў 2015 годзе. Некалькі месяцаў таму такую магчымасць дапусціў і Уладзімір Пуцін. На днях кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін заявіў, што Кіеў узгадніў з ЗША асноўныя тэзісы праекта рэзалюцыі па міратворцах на Данбасе.

Украінскі бок разлічвае, што яны будуць прысутнічаць ва ўсіх раёнах у зоне канфлікту, уключаючы мяжу, а прынцыповым момантам з'яўляецца вывад расійскіх войскаў да разгортвання місіі. Акрамя таго, Кіеў хоча, каб на міратворцаў усклалі больш функцый, чым ахова назіральнікаў АБСЕ, і сярод іх не павінны прысутнічаць расійскія прадстаўнікі, дадае Tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0