fifa.com
Зборная Аўстраліі выйшла на чэмпіянат свету па футболе. У другім стыкавым матчы, што прайшоў сёння ў Сіднэі, яна выйграла ў Гандураса з лікам 3:1 (першы матч — 0:0).
Хет-трыкам (прычым двойчы з пенальці) вызначыўся паўабаронца «Астан Вілы» Міле Едзінак.
Аўстралія будзе гуляць на чэмпіянатах свету пяты раз. У 2014 годзе яна не выйшла з групавога турніру, прайграўшы ўсе тры матчы, прычым прапускаючы ў кожным з ім па тры мячы: ад Чылі, Нідэрландаў і Іспаніі.
На ЧС выйшла 31 зборная:
Еўропа: Расія (гаспадыня), Англія, Бельгія, Германія, Данія, Ісландыя, Іспанія, Партугалія, Польшча, Сербія, Францыя, Харватыя, Швейцарыя, Швецыя;
Паўночная і Цэнтральная Амерыка: Коста-Рыка, Мексіка, Панама;
Паўднёвая Амерыка: Аргенціна, Бразілія, Калумбія, Уругвай;
Афрыка: Егіпет, Марока, Нігерыя, Сенегал, Туніс;
Азія: Аўстралія (так яны гуляюць у адборачным турніры ў Азіі), Іран, Паўднёвая Карэя, Саўдаўская Аравія, Японія.
Апошні ўдзельнік ЧС вызначыцца раніцай у чацвер, калі ў стыкавым матчы згуляюць Перу і Новая Зеландыя (першы матч — 0:0).
Лёсаванне групавога турніру чэмпіянату свету пройдзе 1 снежня ў Маскве. 32 каманды будуць падзеленыя на восем групаў. Расія згуляе ў групе А. ЧС пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года.





