Краязнаўца з Івянца Валеры Мазура выпадкова знайшоў у вёсцы Налібакі Стаўпецкага раёна старую манету. З уступнай экспертызы вынікае, што знаходцы больш за 1700 гадоў і яна была бітая ў Рымскай Імперыі, паведамляе «Блог Налібацкага краю».
Некалькі дзён таму івянецкі краязнаўца прыехаў у Налібакі, каб пабачыць і сфатаграфаваць месца пажару ў пачатку 17 стагоддзя. У 1622 годзе вёска была спаленая шведамі і, мяркуецца, пасля гэтага яе аднавілі побач з гістарычным цэнтрам.
«Я хадзіў каля поймы ракі Лебяжоды. Некалі яна была вялікая, сёння гэта сціплая рачулка. Там я знайшоў спаленыя кавалкі шкла, бронзы, медзі і латуні. Я пачаў разграбаць гэтае месца і пабачыў манету», — распавядае Мазура.
Валеры Мазура з’яўляецца сябрам Беларускага геаграфічнага таварыства. Ён перадаў знаходку калегам у Мінск на экспертызу. Паводле ўступнага агляду, гэта манета Рымскай Імперыі ІІІ стагоддзя нашай эры.
На аверсе манеты выяўлены рымскі імператар Марк Аўрэлій Север Аляксандр. Ён заняў трон 13-гадовым хлопцам. Мяркуецца, што трапіў на трон у выніку шматгадовых інтрыг яго маці, Юліі Мамеі, і бабулі, Юліі Месы, і што жанчыны кіравалі за яго. На рэверсе манеты — бог вайны Марс.
Амаль ідэнтычная манета на сайце Амерыканскага таварыства нумізматаў датуецца 226 годам.
Як манета магла апынуцца ў Налібаках? Магчыма, падчас сплаву па рацэ ў даўнейшыя часы нехта яе згубіў. А можа, яна трапіла ў налібацкую зямлю і ад саміх рымлянаў, мяркуе краязнаўца.
«Гэтае месца апісваў Герадот, самае вядомае месца ў ваколіцы — возера Кромань», — гаворыць краязнаўца.
Пасля экспертызы Валеры Мазура хоча перадаць манету і іншыя знаходкі ўладам Налібацкага сельскага савета для краязнаўчага музея, які там плануецца стварыць.
Паводле аднаго з самых вядомых беларускіх нумізматаў Валянціна Рабцэвіча, першыя антычныя манеты, як вынік знешніх эканамічных сувязяў ўсходнееўрапейскіх плямёнаў, з'явіліся на зямлі сучаснай Беларусі ў канцы II — III пачатку ст. н. э. У сваёй кнізе «Пра што распавядаюць манеты» ён піша, што большасць знаходак антычнага біцця выяўлена на захадзе Беларусі.





