Бацькі, будзьце пільныя! Меркаванне, што людзі, якія пайшлі на суіцыд, нікому не кажуць пра свае намеры, памылковае. Большасць людзей у той ці іншай форме папярэджвае тых, хто знаходзіцца побач. А дзеці наогул не ўмеюць хаваць сваіх планаў. Размовы кшталту «ніхто і не мог падумаць» азначаюць толькі тое, што акружэнне не прыняло або не зразумела сігналаў, якія дасылаліся.

Асноўныя матывы суіцыдальных паводзін у дзяцей і падлеткаў:

  • перажыванне крыўды, адзіноты, адчужанасці і непаразумення;
  • сапраўдная ці ўяўная страта любові бацькоў, непадзеленае пачуццё і рэўнасць;
  • перажыванні, звязаныя са смерцю, разводам або сыходам бацькоў з сям'і;
  • пачуцце віны, сораму, абражанага самалюбства, самаабвінавачанні;
  • боязь ганьбы, насмешак або прыніжэння;
  • страх пакарання, нежаданне папрасіць прабачэння;
  • любоўныя няўдачы, сэксуальныя эксцэсы, цяжарнасць;
  • пачуцце помсты, злосці, пратэсту; пагроза або вымагальніцтва;
  • жаданне прыцягнуць да сябе ўвагу, выклікаць спачуванне, пазбегнуць непрыемных наступстваў, адысці ад цяжкай сітуацыі;
  • спачуванне ці перайманне таварышам, героям кніг ці фільмаў.

Калі падлетак задумаў сур'ёзна здзейсніць самагубства, то звычайна пра гэта няцяжка здагадацца па шэрагу характэрных прыкмет, якія можна падзяліць на 3 групы: слоўныя, паводніцкія і сітуацыйныя.

Слоўныя прыкметы

Падлетак, які рыхтуецца здзейсніць самагубства, часта кажа пра свой душэўны стан:

  • адкрыта кажа пра смерць: «Я збіраюся скончыць з сабой», «Я не магу так далей жыць»;
  • ускосна намякае на свае намеры: «Я больш не буду ні для каго праблемай», «Табе больш не давядзецца пра мяне хвалявацца»;
  • шмат жартуе на тэму самагубства;
  • праяўляе нездаровую зацікаўленасць пытаннямі смерці.

Паводніцкія прыкметы

Падлетак можа:

  • раздаваць іншым рэчы, якія маюць вялікую асабістую значнасць, канчаткова прыводзіць у парадак справы, мірыцца з даўнімі ворагамі;
  • дэманстраваць радыкальныя перамены ў паводзінах, такія як: у ежы — есць замала або зашмат; у сне — спаць замала або зашмат; у вонкавым выглядзе — стаць неахайным; у школьных звычках — прапускаць заняткі, не выконваць дамашнія заданні, пазбягаць зносін з аднакласнікамі, праяўляць раздражняльнасць, панурасць, знаходзіцца ў змрочным настроі;
  • замкнуцца ад сям'і і сяброў;
  • быць празмерна дзейным ці, наадварот, абыякавым да навакольнага свету;
  • адчуваць напераменку то раптоўную эйфарыю, то прыступы адчаю;
  • праяўляць прыкметы бездапаможнасці, безнадзейнасці і роспачы.

Сітуацыйныя прыкметы

Дзіця можа вырашыцца на самагубства, калі:

  • сацыяльна ізаляваны, адчувае сябе адрынутым;
  • жыве ў нестабільным асяроддзі (сур'ёзны крызіс у сям'і; алкагалізм — асабістая або сямейная праблема);
  • адчувае сябе ахвярай гвалту — фізічнага, сэксуальнага або эмацыйнага;
  • прадпрымаў раней спробы самагубства;
  • мае схільнасць да суіцыду з прычыны таго, што ён здзейсніўся кімсьці з сяброў, знаёмых або членаў сям'і;
  • перанёс цяжкую страту (смерць кагосьці з блізкіх, развод бацькоў);
  • занадта крытычна ставіцца да сябе.

Дзіця можа проста казаць пра суіцыд, можа разважаць пра бессэнсоўнасць жыцця, што без яго ў гэтым свеце будзе лепш.

Павінны насцярожыць фразы тыпу «ўсё надакучыла», «ненавіджу ўсіх і сябе», «пара пакласці ўсяму канец», «калі ўсё гэта скончыцца», «так жыць немагчыма», пытанні «а што б ты рабіў, калі б мяне не стала?», развагі пра пахаванне.

Трывожным сігналам з'яўляецца спроба раздаць усе даўгі, памірыцца з ворагамі, раздарыць свае рэчы, асабліва з згадваннем аб тым, што яны яму не спатрэбяцца.

Акрамя пералічаных, вылучаюцца яшчэ некалькі прыкмет гатоўнасці дзіцяці да суіцыду, пры з'яўленні 1—2 з якіх варта звярнуць асаблівую ўвагу:

  • страта цікавасці да любімых заняткаў, зніжэнне актыўнасці, апатыя, бязволле;
  • грэбаванне ўласным выглядам, неахайнасць;
  • з'яўленне цягі да адзіноты, аддаленне ад блізкіх людзей;
  • рэзкія перапады настрою, неадэкватная рэакцыя на словы, беспрычынныя слёзы, павольная і малавыразныя гаворка;
  • раптоўнае зніжэнне паспяховасці і безуважлівасць;
  • дрэнныя паводзіны ў школе, прагулы, парушэнні дысцыпліны;
  • схільнасць да рызыкі і неапраўданых і неабдуманых учынкаў;
  • праблемы са здароўем: страта апетыту, дрэннае самаадчуванне, бессань, кашмары ў сне;
  • абыякавае расстанне з рэчамі ці грашыма, раздорванне іх;
  • імкненне прывесці справы ў парадак, падвесці вынікі, прасіць прабачэнне за ўсё, што было;
  • самаабвінавачанні ці, наадварот, прызнанне ў залежнасці ад іншых;
  • жарты і іранічныя выказванні альбо філасофскія разважанні на тэму смерці.

Што рабіць? Як дапамагчы?

Калі вы заўважылі ў дзіцяці схільнасць да самагубства, паспрабуйце пагаварыць з ім па душах. Толькі не задавайце пытанні пра суіцыд раптам, калі чалавек сам не закранае гэтую тэму. Паспрабуйце высветліць, што яго хвалюе, ці не адчувае ён сябе адзінокім, няшчасным, загнаным у пастку, нікому не патрэбным або абавязаным, хто яго сябры і чым ён захоплены. Можна паспрабаваць знайсці выхад з сітуацыі, якая склалася, але часцей за ўсё дзіцяці дастаткова проста выгаварыцца, зняць назапашанае напружанне, і яго гатоўнасць да суіцыду зніжаецца. Заўсёды варта ўсвядоміць «якая прычына» і «якая мэта» ўчынкаў дзіцяці. Не бойцеся звяртацца да спецыялістаў-псіхолагаў.

Зварот да псіхолага не азначае пастаноўкі на ўлік і не ставіць кляйма псіхічнай непаўнавартасці.

Большасць людзей, якія робяць замах на сваё жыццё, — псіхічна здаровыя людзі, асобы, творча адораныя, яны проста апынуліся ў складанай сітуацыі. Выратаваць дзіця ад адзіноты можна толькі любоўю!

Калі вы чуеце

Абавязкова скажыце

Нельга казаць

«Ненавіджу ўсіх»

Адчуваю, нешта адбываецца, давай пагаворым пра гэта

Калі я быў у тваім узросце… Ды ты проста нясеш лухту

«Усё безнадзейна і бессэнсоўна»

Адчуваю, што ты чымсьці прыгнечаны. Часам мы ўсе адчуваем так сябе. Давай абмяркуем, якія ў нас праблемы, як іх можна вырашыць

Падумай пра тых, каму горш, чым табе

«Усім было б лепей без мяне»

Ты шмат значыш для мяне, для нас. Мяне турбуе твой настрой. Пагаворым пра гэта

Не кажы глупстваў. Пагаворым пра іншае…

«Вы не разумееце мяне»

Раскажы мне, што ты адчуваеш. Я сапраўды хачу цябе зразумець.

Ды дзе ж мне цябе зразумець?!

«Я зрабіў жахлівую рэч»

Я бачу, што ты адчуваеш віну. Давай пагаворым пра гэта

І што ты зараз хочаш? Выкладвай проста зараз!

«У мяне ніколі нічога не атрымліваецца»

Ты зараз адчуваеш недахоп сіл. Давай абмяркуем, як гэта памяняць

Не выходзіць — значыць, не стараўся!

Важна выконваць наступныя правілы:

  • будзьце ўпэўненыя, што вы ў стане дапамагчы;
  • будзьце цярплівыя;
  • не імкніцеся шакаваць або пагражаць чалавеку, кажучы «ідзі і зрабі гэта»;
  • не аналізуйце яго паводніцкія матывы, кажучы: «Ты так адчуваеш сябе, таму што…»;
  • не спрачайцеся і не імкніцеся абразуміць падлетка, кажучы: «Ты не можаш забіць сябе, таму што…»;
  • рабіце усё, што ад вас залежыць.

І, вядома ж, звяртайцеся да спецыялістаў па дапамогу!

Гарадскі клінічны дзіцячы псіхіятрычны дыспансер

Мінск, вуліца Янкі Лучыны, 6
+375 17 320-88-71 +375 17 315-06-79

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна