Кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад удзелу ў перадачы «Месца сустрэчы» на тэлеканале НТВ.

Дзмітрыеў быў адзіным, хто прадстаўляў Беларусь на НТВ. «Перадача больш жвавая, больш пабудаваная па правілах шоу. Аўдыторыя пагаджаецца з табой, не пагаджаецца. Кажа табе «бу», «так». Варта адзначыць, што публіка кіраваная.

Звяртала ўвагу, калі хтосьці з удзельнікаў доўга гаварыў, то людзі ў зале пачыналі шумець, каб спыніць яго. Гэта ўсё даволі добра пастаўлена з рэжысёрскага гледзішча.

Пры гэтым папярэдзілі, што лепш не перапыняць адзін аднаго, а цягнуць руку. І за гэтым вельмі пільна сачылі.

Перадача была прысвечаная тэме «Усходняга партнёрства». Таму, як дзяржавы, якія атачаюць Расію, шукаюць шляхі, як супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам. Ці гэта здрада, ці гэта нармальна, як Расія ставіцца да такой супрацы.

Асабіста я адстойваў пазіцыю, што Расіі трэба вызначыцца, ці ёй трэба партнёр, ці лёкай. Беларусь мае права на свае нацыянальныя інтарэсы, адстойваць іх. На сёння Беларусь не робіць ніякіх захадаў супраць Расіі.

Калі Расія хоча, каб яна была прыцягальнай для Беларусі, то яна не павінна палохаць нас Украінай, Лівіяй, Сірыяй, бо там былі такія словы, і не лічыць нас жонкай, мужам ці братам, а рабіць рэформы і быць прыцягальнай, выконваць абавязальніцтвы і разумець, што мы незалежная еўрапейская краіна. У нашых інтарэсах сябраваць і гандляваць з Расіяй, але і сябраваць і гандляваць і з Украінай, і з Еўрасаюзам.

Я казаў тое, што лічыў вартым і магчымым казаць для гэтай аўдыторыі. Ніякіх інструкцый не было. Тыя, што могуць, яны пачуюць. А тыя, што не могуць, на тых не трэба разлічваць. Ці атрымалася ў мяне, не ведаю. Важна, што гэта быў жывы эфір, чаго няма ў Беларусі. З яго ўжо нічога не выражаш.

Я лічу, што ў падобных шоу варта ўдзельнічаць, спрабаваць выказацца, адстойваць Беларусь. Каб на нашу краіну не спрабавалі навешваць усе свае крыўды і страхі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?