Беларускія бізнэсоўцы, нарэшце, загаварылі пра тое, з чым яны сутыкаюцца кожны дзень. Пра праблемы, якія яны вырашаюць ўвесь час, пра дапушчаныя памылкі, пра бязглузда змарнаваны час і пра ацэнкі новых ідэй. Больш за 15 уладальнікаў кампаній і топ-менеджараў узялі ўдзел у адукацыйным відэапраекце «Бізнэс для бізнэсу», мэта якога — аблегчыць жыццё пачаткоўцаў-прадпрымальнікаў, даць адказы на пытанні, з якімі абавязкова сутыкаецца любы бізнэсовец.

Першымі ўдзельнікамі праекта сталі: акцыянер Belkanton Group Вахтанг Ахвледзіяні, сузаснавальнік карпарацыі М8 Віктар Макаўчук, сузаснавальнік сеткі кафэ Garage Алег Парэчын, сузаснавальнік і дырэктар Terragroup Віталь Крыўко, саўладальнік інтэрнэт-крамы 21vek.by Сяргей Вайніловіч і іншыя вядомыя беларускія бізнэсмены.

«Выпускнікі праграмы Executive MBA Бізнэс-школы ІПМ — гэта тыя людзі, якія шмат у чым сфармавалі беларускі бізнэс такім, які ён ёсць. У іх велізарны досвед узлётаў і падзенняў і іх стаўленне да такіх рэчаў, як час, лідарства, ідэі — вынік гэтага досведу. У новым адукацыйным праекце гаворка ідзе пра тое, да чаго ўласнікі і кіраўнікі бізнэсу прыйшлі метадам спроб і памылак і што выпрабавана на практыцы. І гэта робіць яго асабліва каштоўным», — адзначае Павел Данейка, генеральны дырэктар Бізнэс-школы ІПМ, якая пачала відэапраект.

«Бізнэс для бізнэсу» — гэта асобныя фільмы працягласцю ад 8 да 12 хвілін кожны, у якіх беларускія бізнэсмены адкрыта адказваюць на пытанні, якія тычацца як непасрэдна бізнэсу, так і асабістага бачання розных аспектаў жыцця прадпрымальніка. Першы цыкл ролікаў пад назвай «Бізнэс і ідэя» ўжо выкладзены ў адкрыты доступ на спецыяльна створаным канале youtube.

Прэзентацыя праекта адбылася ў рамках вечара сустрэчы выпускнікоў праграмы Executive MBA Бізнэс-школы ІПМ. Кіраўнік праграмы Наталля Макаева, анансуючы «Бізнэс для бізнэсу», падкрэсліла, што «падзяліцца сваімі ведамі і пачаць самім Фарміраваць беларускае бізнэс-асяроддзе — гэта ўжо місія дасведчаных прадпрымальнікаў, якія рэалізавалі сябе».

У Бізнэс-школе ІПМ плануюць, што праект будзе доўгатэрміновым, а тэмы для наступных відэафільмаў будуць падказваць самі прадпрымальнікі. ««Бізнэс для бізнэсу» — адкрыты і гнуткі праект. Калі ў пачаткоўцаў-прадпрымальнікаў будзе запыт на тую ці іншую тэму — мы абавязкова адрэагуем. Акрамя таго, мы плануем значна пашырыць спіс спікераў», — адзначылі ў Бізнэс-школе ІПМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0