горад як няёмкі блазан што чапляецца ў транспарце
горад я цябе не слухаю і не гляджу таксама …мне
пуста — я занадта бачны быццам літары на транспаранце
утаропіўся ў гумовую падлогу змятую абцасамі
музыка ў вушах з краіны «падалей ад нулявога кіламетра»
я тулюся на параненым сядзенні дэрмацінавым
каб подых не справакаваў яго ад шыбы рыкашэтам
я дыхаю сам у сябе — на справе ў складкі наматанае хусціны

я столькі абутку аббіў аб чысціню яго вуліц
позіркі насельнікаў ды плітку на тратуары
але ніводнага следу ў ім не здолеў пакінуць —
гэта ён адбіўся ў мяне на твары

адчапіся адыдзіся адстань
апрыкралі мне твае абдымкі
кульгавая забудова сціскае клешчы
абрыдла ўсеагульная млявасць
ад тваіх старых фотаздымкаў
ты не быў і не зробішся лепшым

до-рэ-мінск до-рэ-мінск
на дзіва мажорна гучаць стамлёныя тралейбусы і трамваі
урываюцца ў гарадскі мікс мяняючыся правадамі
цябе не мусіць быць тут не мусіць быць тут
ужо сотні разоў цябе ўрачыста хавалі
мі-рэ-досыць — скончыўся твой маршрут
паабапал хор мінакоў хаўтурную песню спявае

бачыш цела ў труне абабітай шоўкам
гэта ты на старых паштоўках

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?