Cваімі ўражаннямі ад адкрыцця выставы ў Мінску Сяргея Шнурава падзяліўся ў сваім фэйсбуку мінскі мастак і перформер Міхаіл Гулін.

Нагадаем, што выстава расійскага музыкі, лідара «Ленінграда» «Рэтраспектыва брэндрэалізму» праходзіць з 1 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), што на вуліцы Някрасава.

«Якая ж Мінск усё ж такі лахоўская вёска… Гэта я на масавы экстаз і іншыя цуды, перажытыя на адкрыцці выставы Шнура — нашым бамондам і дэманстрацыяй далучанасці. Зорцы дазволілі ўсё: нязмушана жартаваць, мацюкацца і курыць. Вам паўсюль!

Шчыра скажу, цяжка глядзець на гэта беларускаму мастаку, якому мясцовая цэнзура шмат гадоў не дазваляе паўнавартасна выстаўляцца на мінскіх пляцоўках», — здзіўляецца Гулін

«У 16-м годзе на выставе «Усё было па-іншаму» — кампанія-спонсар у тым жа НЦСМ завярнула праект з-за відэа, на якім былі паказаныя жаночыя грудзі. У гэтай жа ўстанове мяне прасілі загадзя зацвярджаць усе свае праекты. Я адзіны з удзельнікаў асабіста апісваў свае працы для дырэктара і яе намесніцы. Пакадрава распавядаў сюжэт відэа! Не ў агульных словах, не канцэпцыю!

Усё ў тым жа 16-м годзе я не прайшоў з 2-ма прапановамі для ўдзелу ў праекце «Арт-выспы», якую курыруе НЦСМ. Адным з іх была скульптура-трансформер, якая складаецца з фрагментаў чалавечых цел. Усе гэтыя фрагменты — часткі вядомых скульптур. Сэнс быў у тым, каб прасачыць, як мяняліся эстэтычныя ўяўленні ад неаліту да нашых дзён, і каб глядач мог выбіраць і канструяваць сваю ідэнтычнасць, сваю форму. Дырэктар НЦСМ папрасіла змяніць эскіз і прыбраць усе месцы, дзе бачныя палавыя прыкметы. Мае тлумачэнні, што гэта і ёсць частка ідэі і ўсе гэтыя творы вядомыя і дэманструюцца публічна, ніякага эфекту не мелі.

У 17-м я падаваўся на Нацыянальную прэмію ў галіне мастацтва з перформансам «Барацьба за мастацтва». Відэа гэтага перформансу знаходзіцца ў калекцыі Паўночна-Каўказскага філіяла НЦСМ, з ім я ўдзельнічаў у 6-ай Маскоўскай біенале. У Беларусі не ўвайшоў нават у шорт-ліст, палічылі гэтую працу прамым палітычным выказваннем — аб дысбалансе спорту і мастацтва ў краіне.

У маі гэтага года — сябры, дарэчы вядомыя музыкі, запрасілі паўдзельнічаць у фэсце. Па іх задумцы, гэта павінна была быць калабарацыя мастацтваў: музыка, перформанс, танец, відэа. Падалі заяўку ў Нацыянальны мастацкі музей. Праз некаторы час намеснік дырэктара выклікала для размовы на падставе майго прозвішча ў спісе ўдзельнікаў. На гэтай сустрэчы мяне папрасілі даслаць сцэнар свайго перформансу, але ўжо на наступны дзень камандзе фестывалю было адмоўлена ў падтрымцы і памяшканні.

І да самога Шнурава пытанняў ніякіх. Мастацтва простае, зразумелае, вясёлае, аналагавае — «Містэр Мазгапраў» з фільма «Выхад праз сувенірную краму». І сам — арол-прыгажун, харызматычны чалавек, як я паспеў зразумець з фэйсбучнай стужкі. Але сумна ўсё гэта…

Як сказала Антаніна Слабодчыкава, гледзячы на фотаздымак Уладзіміра Цэслера, які курыць разам са Шнуравым: «Сумна ж не ад таго, што Цэслер курыць, сумна ад таго, што ён курыць, бо Шнуру дазволілі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0