Фота УНІАН.
Экс-прэзідэнт Грузіі, лідар партыі «Руху новых сіл» Міхаіл Саакашвілі, да якога сілавікі прыйшлі дадому з ператрусам, забраўся на дах васьміпавярховага дома, дзе ён пражывае, і пагражае саскочыць уніз, паведамляе сайт Тэлевізійнай службы навін (ТСН) украінскага тэлеканала «1+1» са спасылкай на свайго карэспандэнта на месцы падзеі.
Паплечнік Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ ў аўторак раніцай паведаміў, што невядомыя ламаюць дзверы ў кватэру Саакашвілі ў Кіеве, паводле СМІ, да яго з ператрусам прыйшлі праваахоўнікі.
«Цяпер Саакашвілі знаходзіцца на даху і вядзе перамовы з магчымымі праваахоўнікамі. Чуваць шум. Палітык кажа, што, калі да яго дакрануцца, ён скокне з даху. Да дому прыбылі ратавальнікі і медыкі», — паведамляе служба навін.
Акрамя таго, іншы актывіст палітсілы «Рух новых сіл» Іван Слабадзянік апублікаваў відэа. На ім пяць чалавек у вайсковай форме з нашыўкамі СБУ перакрылі лесвічны пралёт. На пытанні прыхільнікаў Саакашвілі яны заявілі, што адбываюцца следчыя дзеянні, перадае РБК-Украіна.
Саакашвілі мае намер звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры і Службы бяспекі Украіны «за злоўжыванне службовым становішчам». Сваю заяву ў Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро палітык планаваў падаць сёння а 12-й гадзіне.





