Сярэднестатыстычная беларуская сям'я зарабляе за месяц 1026,7 рубля, паведамляе TUT.BY са спасылкай на Белстат.
Лічбы заснаваныя на выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак па падставе ўзроўню жыцця ў 3-м квартале.
Амаль усе гэтыя грошы беларусы трацяць.
Так, паводле статыстыкі, грашовыя выдаткі ў пераліку на адну сям'ю склалі 965,2 рубля на месяц. Значная частка гэтай сумы — спажывецкія выдаткі: прадукты, купля нейкіх тавараў і аплата паслуг. Усяго на спажывецкія выдаткі ідзе амаль 740 рублёў.
Астатнія грошы (прыкладна 227 рублёў) ідуць на назапашванне, куплю нерухомасці або валюты, а таксама падаткі і фінансавыя ўнёскі.
FINANCE.TUT.BY паглядзеў, як траціць грошы «сям'я са статыстыкі», ну а вы можаце параўнаць гэтыя лічбы са сваімі сем'ямі.
Спажывецкія выдаткі беларускіх сем'яў у 3-м квартале 2017 года | ||
Выдаткі на: | Сума ў рублях | Доля ў % |
харчаванне | 296,1 | 40,1 |
алкаголь, тытунь | 21,4 | 2,9 |
вопратку, абутак | 59,8 | 8,1 |
рэчы асабістага карыстання | 17,7 | 2,4 |
рэчы хатняга ўжытку, бытавая тэхніка | 33,2 | 4,5 |
ЖКП | 43,6 | 5,9 |
медыцыну і аздараўленне | 8,9 | 1,2 |
адукацыю | 11,8 | 1,6 |
культуру, спорт, экскурсіі і г.д. | 19,2 | 2,6 |
грамадскі транспарт | 18,5 | 2,5 |
сувязь | 36,2 | 4,9 |
Як бачым, традыцыйна больш за ўсё грошай ідзе на прадукты — амаль 300 рублёў. Амаль 44 рублі ў 3-м квартале сярэдняя сям'я аддавала на аплату жыроўкі.
Што цікава, амаль такая ж сума — аплата паслуг сувязі. Па сутнасці, мабільнікі і інтэрнэт у беларусаў — гэта амаль як другая жыроўка.
Затое на транспарт ідзе ў 2 разы менш. Дарэчы, у параўнанні з 3-м кварталам мінулага года доля расходаў сярэднестатыстычнай сям'і на камуналку знізілася (была 6,1%), а на сувязь — павялічылася (было 4,7%).





