Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад удзелу ў перадачы «Наша жыццё» на тэлеканале АНТ, прысвечанай асвятленню беларускай тэматыкі на расійскіх тэлеканалах.

«Калі сказаць адным сказам, то пры мантажы перадачы аўтары паспрабавалі згладзіць усе вострыя вуглы, якія былі падчас абмеркавання», — кажа Кастусёў.

Па ягоных словах, у перадачы ўдзельнічаў адыёзны расійскі пісьменнік Уладзімір Еранасян, які паспрабаваў выказацца ў духу, што Беларусь мусіць справаздачыцца перад Расіяй за кантакты з Еўрасаюзам, бо Расія дае нашай краіне газ і нафту.

«Другі негатыўны момант з боку Еранасяна быў у тым, што ён пачаў крытыкаваць аўтараў перадачы за тое, што яны запрашаюць у эфір прадстаўнікоў апазіцыі, якія прыходзяць з бел-чырвона-белымі значкамі, выказваюць свае думкі.

Я палічыў, што гэта абразлівыя выпады не толькі ў адрас мяне, але і ўсёй Беларусі. Сказаў, што мы ў Беларусі можам самі рашыць, з якімі значкамі хадзіць і што казаць. А ў Расіі ў вельмі многіх у галовах яшчэ не ўкладваецца, што мы 25 гадоў як незалежная краіна. Гэта я кажу цяпер спакойна, але ў эфіры ўсё было досыць гарача. Выкінулі мае рэплікі Еранасяну, камуніста Атаманава, эканаміста Кавалёва, дэпутата Марзалюка, яны ўсе яму адказвалі», — кажа Кастусёў.

Яшчэ адзін момант, які не паказалі па АНТ, калі старшыня БНФ параўноўваў істэрыю ў расійскіх СМІ з сітуацыяй 1930-х у Нямеччыне. «Як сёння многія ў Расіі лічаць нас недакраінай, гэтак і ў Нямеччыне тады многіх лічылі «недакраінамі».

Рыгор Кастусёў кажа, што гэта не першы раз, калі ў перадачах Дзмітрыя Бачкова выразаюць тое, што камусьці не падабаецца. «Вадзім Гігін ніколі не дазваляў сабе выразаць словы ці фразы. У Бачкова я ўдзельнічаю ў другі раз. Упершыню з мяне выразалі палову, цяпер — дзве траціны».

Пры гэтым Рыгор Кастусёў мяркуе, што ўсё адно варта ўдзельнічаць у падобных шоу. «Трэба выкарыстоўваць любы момант. Іншага ТБ у нас няма».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?