Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду, 6 снежня, абвесціць, што прызнае Іерусалім сталіцай Ізраіля. Пра гэта заявіў на спецыяльным брыфінгу высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома, паведамляе The New York Times.

Чыноўнік таксама патлумачыў, што Белы дом вырашыў перанесці амбасаду ЗША ў Ізраілі з Тэль-Авіва ў Іерусалім. Аднак адбудзецца гэта не адразу: Трамп падпіша ўказ аб адтэрміноўцы пераезду пасольства, бо для гэтага кроку патрабуецца падрыхтоўка, а яго рэалізацыя «зойме гады».

Раней 5 снежня агенцтва Bloomberg паведаміла, што Трамп у тэлефоннай размове з кіраўніком Палесціны Махмудам Абасам абвясціў, што гатовы перанесці амерыканскае пасольства ў Іерусалім. Акрамя таго, Трамп паінфармаваў аб гэтым намеры кіраўнікоў яшчэ некалькіх дзяржаў Блізкага Усходу.

Пасля гэтага Абас, прэзідэнт Егіпта Абдэльфатах Ас-Сісі, кароль Іарданіі Абдала II, прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі папярэдзілі Трампа, што гэтае рашэнне прывядзе да дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне і выкліча абурэнне мусульман ва ўсім свеце. Выступаючы перад парламентам Турцыі, прэзідэнт Рэджэп Эрдаган назваў рашэнне ЗША па Іерусаліме «чырвонай лініяй» і прыгразіў разрывам дыпламатычных адносін з Ізраілем.

Паводле даўняга рашэння ААН, Заходні Іерусалім меў стаць сталіцай Ізраіля, а Усходні — Палесціны. Аднак Ізраіль у выніку шэрагу войнаў акупаваў увесь горад і надаў яму статус сталіцы. Іерусалім лічаць «святым горадам» адначасова юдзеі, хрысціяне і мусульмане.

Святыні габрэяў — Храмавая гара і заходняя сцяна Іерусалімскага храма, Сцяна плачу. У мусульман — мячэці на Храмавай гары, з якой звязаныя відзежы прарока Мухамеда. Для хрысціян Іерусалім — месца ўкрыжавання і ўваскрасення Ісуса.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна