Мужчыны з каламі і шчытамі ў цэнтры Кіева: украінскія праваахоўнікі гэта дазваляюць. Фота Pravda.com.ua.
Прыхільнікі Руху новых сіл Міхэіла Саакашвілі паставілі намёты ў Марыінскім парку каля будынка Вярхоўнай Рады Украіны. Яны правялі там ноч. Каля 6-й ранку намёты інспектавалі сілавікі: магчыма, яны шукалі самога Саакашвілі, выпісаны ордар на ягоны арышт.
Прыход 200 сілавікоў выклікаў сутычкі з пратэстоўцамі, аднаму мужчыну твар разбілі ў кроў.
Сам Саакашвілі ноч пачаў у намётах, а скончыў у адным з суседніх гатэляў, паведамляюць украінскія СМІ.
Служба бяспекі Украіны абвінаваціла палітыка «ў садзейнічанні ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойванні іх злачыннай дзейнасці». Сцвярджаецца, што Саакашвілі ўвайшоў у кантакты з агентамі Расіі і былым украінскім міністрам па падатках і зборах Курчанкам, які хаваецца ў Расіі і падазраецца ў здрадзе радзіме.
Саакашвілі працаваў ва Украіне з 2014 года. Ён падтрымаў рэвалюцыю Еўрамайдану, пасля яе быў губернатарам Адэскай вобласці, але не змог ані заваяваць прыхільнасць тамтэйшых бізнэс-колаў, ані ліквідаваць карупцыю. Ад 2016 ён стаў актыўным крытыкам прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У 2017 ён уехаў ва Украіну насуперак забароне на ўезд. Крытыкі абвінавачваюць яго ў бяздумным папулізме. Рэйтынг падтрымкі ягонага Руху новых сіл ва Украіне не перавышае 2%. На мітынгі за імпічмент Пятра Парашэнкі Саакашвілі сабраў каля 2000 чалавек.
Апошнія месяцы расійская прапаганда актыўна тыражавала крытыку Саакашвілі на адрас Парашэнкі. Экс-прэзідэнт Грузіі абвінавачваў прэзідэнта Украіны і яго асяроддзе ў карупцыі.
***