Піва пад назвай «2018» сталі падаваць у рэстаране People’s 14 снежня. На этыкетцы намаляваны алімпійскі мядзведзь узору 1980 года, які паказвае кулак, а подпіс кажа: «Расія, наперад!»

Півавары так ахарактаразавалі новы гатунак: «Вы скажаце: чарговы хайп ад Taler?! І ён таксама! Нам неабыякавы лёс расійскіх спартоўцаў, якія не могуць выступаць пад сваім сцягам і гімнам на Алімпіядзе-2018 у Карэі! Расія — велізарная, непераможная краіна! Моцная, магутная! Без яе Алімпіяда — так сабе відовішча! Мы падтрымліваем Расію магутным і сакавітым гатункам у стылі Hazy IPA «2018».

У сацыяльных сетках «Талера» ідзе шмат негатыўных водгукаў за такі нэймінг.

Рэакцыя ў інстаграме «Талера».

Рэакцыя ў інстаграме «Талера».

Чаму ж бровар пайшоў на такі крок? Пра гэта мы распыталіся ў дырэктара піваварні Ігара Дрыпсяка і ягонай намесніцы Веранікі Гурынавай.

«Сядзелі на кухні з сябрамі, шукалі новую назву. Абмяркоўвалі, што расійскія спартсмены шмат гадоў рыхтаваліся да гэтай Алімпіяды, а цяпер не маюць магчымасці на яе паехаць. Сябры кажуць: падтрымайце Расію, калі такая сітуацыя. Наша галоўная каштоўнасць і правіла — мы за справядлівасць. Мы лічым, што нейкія палітычныя гульні — гэта няшчыра ў дачыненні да спартсменаў», — кажа Ігар Дрыпсяк.

Ігар Дрыпсяк. Фота з vk.com.

Ігар Дрыпсяк. Фота з vk.com.

«Мы не вельмі моцна разумеем сітуацыю, мы па-за палітыкай, мы за справядлівасць», — пацвярджае ягоныя словы Вераніка.

Ці ведалі ў бровары, што рэакцыя можа быць негатыўнай? «Мы ведалі, што будзе рэакцыя. Хтосьці не любіць Расію, хтосьці — любіць. Мы любім, мы падтрымліваем расійскіх спартсменаў. Нам шкада, што яны сталі пешкамі ў гэтай палітычнай гульні. Тое ж «Еўрабачанне» вазьміце. Гэта было спачатку, цяпер вось Алімпіяда. Для нас гэта дзіўна, таму і выпусцілі такі гатунак», — тлумачыць спадарыня Гурынава.

А ці маюць півавары самі нейкае дачыненне да Расіі? «Не! Мы любім нашу краіну», — у адзін голас адказваюць яны.

Чаму падтрымка тычыцца Расіі, можа, варта было б падтрымаць неяк Дар’ю Домрачаву ці фрыстайлістаў, якія будуць змагацца за беларускія ўзнагароды?

«Мы думалі наступнае нешта зрабіць, звязанае з біятлонам. Мы не збіраемся прадаваць на расійскі рынак. Мы выпусцілі адну тону піва — гэта наш такі крык душы ў падтрымку атлетаў. Мы за тое, каб Расія выступала пад сваім сцягам», — тлумачыць Вераніка.

Вераніка Гурынава. Фота vk.com.

Вераніка Гурынава. Фота vk.com.

«Кожны бачыць сітуацыю пад сваім вуглом», — гаворыць Ігар. «Меркаванні бываюць розныя. Усім падабацца не будзеш», — працягвае Вераніка.

У прынцыпе, піваварня звыклася, што сваімі неадназначнымі назвамі можа спарадзіць спрэчкі і дыскусіі. «З «Сабчак» таксама быў негатыў. З «Жалезным Феліксам» быў. Сёння мы называем піва так, а заўтра з задавальненнем можам назваць у гонар Дар’і Домрачавай. Калісьці на «Сабчак» нам сказалі, што мы вырашылі падлізаць Расіі, што нам заплацілі. Але гэта ўсё трызненне. Горш было б, каб людзі ніяк не рэагавалі», — кажуць на бровары.

Не адмаўляюць яны і камерцыйны складнік такой назвы. «Канечне, гэта і маркетынгавы ход. Хаця гэта не толькі хайп, але чалавечыя адносіны», — працягвае Ігар.

«Мы не лезем у палітыку. Я ўвогуле дзяўчына, я лічу, што дзяўчыне не месца ў палітыцы», — у чарговы раз падкрэсліла Вераніка.

Дык чаму «Талер» не звяртаецца да беларускіх тэмаў у назве піва? Няўжо на радзіме мала герояў?

«Хочам назваць і ў гонар беларусаў. Калі ведаеце герояў, то пішыце на сайце. Мы назавем», — прапаноўвае Вераніка. «Толькі нейтральных!» - імгненна рэагуе Ігар. Нейтральных — гэта каго? «Якуб Колас, калі ласка, Янка Купала, Васіль Быкаў, усіх мы іх ведаем з школьнай праграмы. Гэта агульнапрызнаны гонар нашай краіны», — гаворыць Дрыпсяк. «Нават тая ж Алексіевіч, якая ўзяла Нобель. Мы за сваю краіну, хочам, каб мы перамагалі паўсюль», — рэагуе Вераніка.

Раней бровар называў сваё піва ў гонар Дональда Трампа. «Было модна пра Трампа гаварыць, мы тады таксама загаварылі. Гэта не значыць, што кагосьці падтрымліваем. Тое самае і пра Сабчак», — кажа дырэктар.

«Мы менш за ўсё хочам кагосьці пакрыўдзіць, пачаць нейкія батлы», — працягвае ягоныя словы намесніца.

Галоўнай сваёй мэтай півавары бачаць наступнае: «Мы хочам, каб людзі развівалі свае смакавыя якасці. Хочам папулярызаваць крафтавы рух, каб людзі каштавалі новыя гатункі. Каб ведалі, што ёсць не толькі светлае і цёмнае, але і тое ж ІПА», — заканчвае размову Ігар.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?