Жыхар Мінска памёр ад наступстваў пажару ў кватэры. Найхутчэй, загарэлася пральная машына, паведамляе прэс-служба Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.
Пажар адбыўся 19 снежня: у 11.43 ад жыхароў пад'езда паступіла паведамленне аб падпаленай кватэры па праспекце Ракасоўскага, 103. Пажарныя-выратавальнікі на месцы выявілі, што на трэцім паверсе дзевяціпавярховага жылога дома ў ванным пакоі трохпакаёвай кватэры адбылося ўзгаранне маёмасці і пральнай машыны «Індэзіт» 2007 года выпуску.
Фота з сайта mchs.gov.by
Работнікі МНС вынеслі з ваннага пакоя мужчыну 1958 года нараджэння. З апёкамі цела 1—4-й ступені (95% цела) і атручваннем прадуктамі гарэння пацярпелага шпіталізавалі ў бальніцу. Выратаваць мужчыну не ўдалося — раніцай 20 снежня ён памёр ад атрыманых траўмаў. У якасці найбольш імавернай прычыны ўзгарання пральнай машыны называецца кароткае замыканне.





