Намесніца начальніка аддела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Жана Карповіч пракаментавала сітуацыю з платнымі спектаклямі ў 14 школе для журналістаў «Рэгіянальнай газеты».

— Паказ спектакляў школа, сапраўды, можа аказваць у межах школьных бізнэс-кампаній. Для гэтага шыюцца або набываюцца касцюмы, робяцца афішы. І школа, каб зарабіць грошы, павінна выехаць на прадпрыемства, напрыклад «Амкадор», і там паказваць гэты спектакль, або ў школах мастацтваў. Тады б ішла гаворка пра платныя паслугі.

Іншая справа з аказаннем платных паслуг у саміх установах адукацыі:

— Рабіць платнымі канцэрты ў межах акцыі «Нашы дзеці» недапушчальна.

Аддзел адукацыі наадварот забараніў пускаць у школы клоўнаў і аніматараў, каб тыя аказвалі свае платныя паслугі. Мы разумеем, што Новы год — гэта ў першую чаргу свята дамашняе. У бацькоў, акрамя падарункаў сваім дзецям, у гэты перыяд і так шмат расходаў. І такога быць не можа, каб школа яшчэ брала грошы за свае мерапрыемствы!

Таму яшчэ раз падкрэслю: усе навагоднія мерапрыемствы — ранішнікі, дыскатэкі — ва ўсіх школах раёна будуць бясплатнымі.

— Тады выходзіць, што 14 школа не мела права праводзіць платныя спектаклі?

— Мела, але толькі па-за межамі школы. 

Пасля публікацыі пра платныя ранішнікі ў рэдакцыю патэлефанавала дырэктар школы Каліна Капуцкая з просьбай удакладніць гэтую інфармацыю.

Яна патлумачыла, што яе няправільна зразумелі. І ранішнікі ў школе бясплатныя, а платны ўваход мусіў быць на спектакль «Злыднін Новы год», які намаганнямі дзяцей і настаўнікаў планавалі паказаць падчас навагодніх канікул.

— Ён дадатковы, і прыйсці на яго дзеці і бацькі маглі па жаданні. Да ранішнікаў ён ніякага дачынення не мае.

Аднак уваход і на гэта мерапрыемства зрабілі бясплатным.

— У нашай школе працуе бізнэс-кампанія, у межах яе мы і планавалі паказ спектакля, на які прадаюцца квіткі. Пазней дзецям за выступ належыць зарплата. Пры гэтым кошт квітка вызначаецца прэйскурантам, пралічаным аддзелам адукацыі.

Аднак аддзел адукацыі даў зразумець, што школа нават у межах бізнэс-кампаніі не магла рабіць уваход на спектаклі платным. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0