president.gov.by
Новая рэдакцыя дэкрэта №3 павінна быць прызямлёнай і збалансаванай. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб праектах прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва, піша БелТА.
«Асабліва старанна трэба абмеркаваць прапановы ўрада па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы дэкрэт №3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб мы не падвяргаліся крытыцы і нас не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаныя пры распрацоўцы дэкрэта №3, зрабіць яго прыземленым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты дакумент павінен быць збалансаваным. «З аднаго боку, людзям даць магчымасць працаўладкавацца, з другога боку, прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча», — растлумачыў ён.
Лукашэнка перакананы: калі чалавек трапіў у цяжкую сітуацыю, яго трэба падтрымаць, а калі ён сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. «І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
***
На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.





