18 снежня Паліцыя бяспекі Латвіі затрымала журналіста Юрыя Аляксеева, якому было прад’яўлена абвінавачанне ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы.
Юрый Аляксееў. Фота facebook.com.
Юрый Аляксееў — вядомы прарасійскі дзеяч Латвіі. Ён з’яўляецца заснавальнікам сайта IMHOclub. Беларускі філіял «Імхаклаба» ўзначальвае публіцыст-прапагандыст Аляксей Дзерман.
Да дзейнасці Юрыя Аляксеева неаднаразова цікавасць праяўлялі спецслужбы Латвіі. Існуюць версіі, што Imhoclub фінансуецца з Расіі. Сам Аляксееў вядомы сваімі выказваннямі кшталту: «Ва Украіне і Латвіі не існуе нацыяналізму — ёсць толькі дзікі нацызм».
Таксама Юрый Аляксееў з’яўляецца адным з заснавальнікаў «Кангрэсу неграмадзян». Адметна, што лідар кангрэсу Аляксандр Гапаненка нядаўна таксама паўстаў перад судом за распальванне варажнечы.
Што тычыцца Аляксеева, то справу на яго завялі за каментары, у якіх ён заклікае «прыкончыць усіх фашыстоўскіх вырадкаў», пад якімі разумеюцца прадстаўнікі латышскай нацыянальнасці, а іх мова названая «фашыстоўскай». У Паліцыі бяспекі задакументавана, што каментары пакідаліся з IP-адраса, які належыць Аляксееву.
Таксама Аляксееву прадставілі раздрукоўку тэлефоннай сеткі, якая паказвала, што журналіст знаходзіўся дома, калі з ягонага IP адпраўляліся каментары.
«Падстава зроблена вельмі прафесійна. Абараняцца мне будзе складана — і наконт каментароў, і наконт патронаў», — кажа Аляксееў у інтэрв’ю расійскім выданням.
У той самы дзень у кватэры Аляксеева быў праведзены вобшук, цягам якога супрацоўнікі спецслужбаў знайшлі два мяшэчкі з патронамі. «Хтосьці прыйшоў да мяне ў кватэру і зрабіў закладку», — апраўдваўся Аляксееў. Прычым ён прызнае, што падчас ператрусу патроны падкінуць ніяк не маглі. Справу за захоўванне патронаў пакуль не заводзілі.
Падпіску аб нявыездзе з Аляксеева не бралі, таму ён змог вылецець у Каліфорнію, дзе жыве ягоная дачка і ўнукі. Разам з імі ён плануе адзначыць Каляды і Новы год. У Рыгу Аляксееў плануе вярнуцца 7 студзеня.
У ЗША Аляксеева дапыталі супрацоўнікі ФБР у аэрапорце Лас-Вегаса.
Прыязджаў Юрый Аляксееў і ў Беларусь, дзе свяціўся ў кампаніі Аляксея Дзермана, Пятра Пятроўскага, Вадзіма Гігіна, Валянціна Старычонка і іншых.
Аляксей Дзерман пракаментаваў гэтыя падзеі ў сваім фэйсбуку наступным чынам: «Кепскія навіны з Рыгі».
***
На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.





