Стаянка бежанцаў. Тут і далей: фота з кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы».

Стаянка бежанцаў. Тут і далей: фота з кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы».

Тое было ў напалеонаўскую вайну. Тое будзе і падчас Другой сусветнай. Беларусь была выкарыстаная як шчыт і поле бітвы. У Першую сусветную расійскія генералы таксама выкарыстоўвалі тактыку выпаленай зямлі. Адступаючы, расійскае войска змушала жыхароў эвакуявацца ў глыбінную Расію. А хаты і ўсё дабро паліла, каб ускладніць жыццё ворагу.

У 1915 годзе ў бежанства вывезлі 1,2 мільёна жыхароў Беларусі. 400 тысяч з іх загіне ад хвароб, голаду і злачынстваў. Гэта была адна з самых страшных трагедый у нашай гісторыі.

Такі прыклад: каля Брэста ёсць сёлы Прылукі і Страдзічы. Да 1915 года Прылукі былі большыя за Страдзічы. Прылучане паслухаліся ўладаў і адправіліся ў бежанства. Страчукі ж зацяліся і далі адпор казакам, якія палілі хаты. У выніку пасля вайны Страдзічы сталі (і да сёння застаюцца) ўтрая большымі па колькасці насельніцтва. Амаль усе страчукі перажылі Першую сусветную вайну. А ў Прылукі жывой вярнулася толькі трэцяя частка людзей.

Падчас сёлетняга Кангрэсу даследнікаў Беларусі мая суседка па пакоі, этнолаг з Украіны, з захапленнем расказвала, што сёлета ў Польшчы выйшла выдатная кніга «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» — вось толькі прозвішча аўтаркі яна забыла… І што гэта аўтарка збірае матэрыялы не толькі па бежанстве, але і па ўсіх прымусовых перасяленнях, што адбываліся ў ХХ стагоддзі на тэрыторыі Польшчы ў адносінах да беларускага ды ўкраінскага насельніцтва, выцягаючы на свет божы неймаверныя факты. Паколькі і сям’ю маёй суседкі-этнографа, і маю сям’ю зачапіла і памянёнае бежанства, і аперацыя «Вісла», і так званая рэпатрыяцыя, то гэтыя тэмы мы абмяркоўвалі настолькі горача, што да нас нават завіталі суседзі з другога пакоя, нагадаўшы, што зараз шостая ранку…

Пазней на Кангрэсе я пазнаёмілася з аўтаркай кнігі — польскай журналісткай Анэтай Прымака-Онішк (Aneta Prymaka-Oniszk) і мела магчымасць прачытаць яе кнігу.

У гэтай працы мяне найбольш уразіла яе праўдзівасць. Насуперак стэрэатыпам і ідэалагічным устаноўкам — якіх у Польшчы не менш, чым у Беларусі, — аўтарка збірае сведчанні пра падзеі, якія многія хацелі б забыць. Але яны важныя, бо дапамагаюць зразумець сённяшні свет вакол нас.

Уразіла тое, з якой настойлівасцю польская інтэлігенцыя беларускага ды ўкраінскага паходжання захоўвае — ці аднаўляе — сваю нацыянальную ідэнтычнасць, у тым ліку і праз аднаўленне гісторыі.

Зараз пані Анэта шукае выдаўца для сваёй кнігі ў Беларусі.

Артыкул, які прапануецца вашай увазе, напісаны спецыяльна для «Нашай Нівы» і дае ўяўленне і пра кнігу, і пра тое, як яна пісалася.

Наталка Бабіна

Гэтыя карціны ўвесь час паўстаюць перад маімі вачыма, увесь час вяртаюцца. Вазы; цэлае мора вазоў. Яны едуць у некалькі шэрагаў, запрудзілі ўсе дарогі. Цягнуцца на ўсход, у Расію. Стэп, на гарызонце вымалёўваюцца снежныя вяршыні Каўказа. Над стэпам лунае песня «По Дону гуляет козак молодой». Па рацэ пачынаюць плыць целы людзей, а на берагах стажкі згнілай пшаніцы. Пазней — вяртанне ў сваю вёску ў Гродзенскай губерні. На цягніку, з якога на станцыях выносяць трупы.

Тут і далей: фота з кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы».

Тут і далей: фота з кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы».

Бежанства. Так бабуля Надзя называла той час. Я яшчэ дашкольніца, прыслухваюся да яе размоў з суседкамі. Яны вельмі часта ўспамінаюць тое бежанства дагэтуль, парой плачуць пры гэтым. На мяне ўвагі не звяртаюць. Яны гавораць «па-прастому» — на гаворцы беларускай мовы. Так на маім прыгранічным хутары на паўночным усходзе Польшчы размаўляюць усе дарослыя. Толькі да дзяцей звяртаюцца па-польску, каб ім было лягчэй у школе — усе школы ў акрузе польскамоўныя. Але пра бежанства ніхто мне на польскую не перакладае. Увогуле, калі бабуля гаворыць па-польску, так бы мовіць «афіцыйна» — з дзяржаўнымі службоўцамі, з гасцямі, — пра бежанства ніколі не згадваецца. Яго няма ні ў падручніках гісторыі, ні ў рэгіянальных музеях, куды нас арганізавана возяць усім класам. Я нічога не пачую пра яго ні падчас вучобы ў Беластоцкім ліцэі, ні ў Варшаўскім універсітэце, я не даведаюся пра бежанства і ў час працы ў найбуйнейшай польскай штодзённай газеце ды грамадска-культурных часопісах. Гэтая тэма ў Польшчы не існуе.

Толькі сябры з Беластока, Бельска-Падляскага, Гайнаўкі ці Гарадка разумеюць з паўслова. «Мае бабуля і дзядуля былі ў Саратаве». «Мае — у Сібіры», яшчэ у кагосьці — на Доне. Мы аб’яднаныя, хаця нават не вельмі разумеем, чым менавіта. Паўтаемная такая суполка. Нават слова «бежанства» мы, цяпер польскамоўныя, добра не разумеем. Толькі тады, калі я пачынаю працаваць з гэтай тэмай у 2012 годзе, я даведваюся, што за гэтым стаіць тое, што ў польскай мове называецца «uchodźstwo». Але для мяне і маіх сяброў слова «бежанства» працягвае быць нечым асаблівым. Тым, што нас злучае.

* * *

«Казакі ездзілі па вёсках і палохалі людзей, што немцы гвалтуюць жанчын, шаблямі адразаюць ім грудзі, а ўсіх без выключэння мужчын вешаюць і расстрэльваюць. Стаяла гарачае лета 1915 года, я памятаю, што якраз звезлі зжатае жыта і за авёс узяліся. І вось пачалася вялікая паніка», — я чытаю аповед Антона Акашука, які нарадзіўся ў 1904 годзе ў Рагачах Бельскага павета, які тады адносіўся да Гродзенскай губерні. Ярына Ігнацюк з недалёкага Дубяжына, народжаная ў 1906 годзе, успамінае: «Мама пасадзіла нас у фуру. Трое маленькіх дзяцей — мне было дзевяць гадоў, малодшым сёстрам-блізнятам — па 2 гады. Пасадзіла да нас бабулю, 83 гады. Мама была за гаспадара, бацька ў той час служыў у войску. Мы ўзялі ежу, трохі багажу, авечак, кароўку і паехалі ў Расію».

Гэтыя аповеды сабралі ў Беластоцкім ваяводстве ў асноўным у 80-х і 90-х гады студэнты і маладыя беларускія інтэлігенты, занепакоеныя тым, што вусная гісторыя бежанства сыдзе ў нябыт разам з апошнімі бежанцамі; у 2000 годзе ў Беластоку выдадзеная (па-беларуску) кніга «Бежанства 1915 года», якая складаецца больш чым з 150 такіх гісторый. Я знаходжу ў ёй і запісы аповедаў бабулі Надзі. І разумею, што бежанства — гэта нешта большае, чым гісторыя маёй сям'і і маіх сяброў.

Я працягваю пошукі; хоць увесь час чую: «Няма дакументаў, няма распрацовак, матэрыялы, якія тычацца бежанства, раскіданыя па архівах па ўсёй Расіі, яны не былі даследаваныя». Мяне цікавяць сяляне і іх вопыт бежанства, спрабую знайсці запісаныя па гарачых слядах нейкія сведчанні, хоць я ведаю, што сяляне звычайна не вялі дзённікаў, не пакідалі пісьмовых помнікаў, як, бывала, рабілі прадстаўнікі больш заможных слаёў грамадства. Але я праглядаю газеты часоў бежанства, вывучаю каталогі ў бібліятэках і архівах, корпаюся ў Інтэрнэце. Я ствараю сайт biezenstwo.pl і адпаведны профіль на фэйсбуку, якія хутка збіраюць вакол сябе палутаратысячную аўдыторыю, што дае мне новыя ўспаміны і матэрыялы. Я ўсё глыбей пагружаюся ў гэтую сялянскую бежанскую эпапею.

* * *

Год дрэнны нават для пчол. «Бо дай Божа, каб хоць для сябе пшчолкі мёду назбіралі, падбіраць то ўжо напэўна не будзе чаго; хоць расьлінкі цвітуць — карысць з таго малая, бо соку ані крышкі», — паведамляў у чэрвені 1915 года карэспандэнт газеты «Наша Ніва», які падпісаўся ініцыяламі ЛC. Усяму віной суша.

Пра засуху пішуць усе газеты, Якуб Колас прысвячае ёй нават верш, апублікаваны ў «Нашай Ніве». «Бязлітаснае сонца высушыла зямлю на попел. Расы н’ат не бачылі людскія вочы. Не расце нічога. Сенажаці ў многіх мейсцах не кошаныя; канюшыны рэдзенькія і ледзь-ледзь ад зямлі падняліся; авёсь — мо’ з чвэрць аршына не большы. Так што жывіне ўзімку хоць прападай. А і людзям хіба лепш не будзе», — чытаем мы далей у карэспандэнцыі ЛС.

Напалоханыя засухай гаспадары не падазраюць аб тым, што іх трагедыя надыходзіць з іншага боку. На працягу амаль года ідзе Першая сусветная вайна, але пасля першага жаху людзі як быццам прывыклі да яе. Данясенні з фронту затрымліваюцца, і ў іх цэнзура не дазваляе пісаць адкрыта пра паражэнні царскага войска. 2 мая 1915 аб’яднаныя нямецкія і аўстра-венгерскія войскі атакуюць расійскую армію ў Карпатах. Яны выставілі 200 тысяч чалавек супраць 80 тысяч рускіх; тысячу гармат супраць двухсот. Праз некалькі дзён яны зламалі расійскую абарону і сталі рухацца ў раней занятую рускімі Галіцыю, а затым падышлі да заходніх межаў Расійскай Імперыі.

Згодна з папярэднім расійскім планам, фабрыкі і заводы разам з персаналам, архівы, культурныя каштоўнасці, інфраструктура павінны быць эвакуяваныя на цягніках на ўсход. Не здольныя пазбегнуць паразаў, царскія генералы звяртаюцца да тактыкі выпаленай зямлі. Яны вырашылі «ачысціць вёскі ад рэсурсаў», гэта значыць, ад мужчын прызыўных гадоў і прадуктаў харчавання. Казацкія атрады пачынаюць выганяць цэлыя вёскі з прыфрантавых раёнаў, а таксама паліць дамы і збожжа проста ў полі. Дарогі на ўсход запаўняюцца сялянскімі падводамі і статкамі быдла, якія гоняць з сабой. Гаспадары не выйграюць ад таго, што яны выратаваліся ад засухі.

* * *

У вёсках расце паніка. «Людзі з трывогай глядзелі на захад, адкуль з кожным днём набліжалася вайна, — піша Пашчук з Архоўкі паблізу Уладавы, Холмскай губерні. Яго аповед апублікаваны ў 1917 годзе ў бюлетэні арганізацыі, якая дапамагала ахвярам вайны. — Яе прыкметамі былі начныя пажары, якія асвятлялі ваколіцы пякельным святлом. А днём сонца хавалася ў клубах дыму, толькі час ад часу вызіраючы з-за іх крывавым кругам. (…) І вось настала апошняя ноч, падчас якой ніхто, здаецца, не спаў. Было страшна. Нашы войскі сышлі, камандаванне з’ехала. У доме свяшчэнніка засталіся толькі два афіцэры. Яны абвясцілі, што сёння мы можам чакаць з'яўлення нямецкіх разведчыкаў». Сяляне з Архоўкі збіраюцца на нараду. «Трэба чакаць бумагу», — кажа адзін з іх. Гэта значыць — паперу ад улад. Іншы прыносіць навіны з Уладавы: толькі што з’ехалі гарадская адміністрацыя і царкоўныя праваслаўныя ўлады. Бумагі не будзе.

Сафіі Аляшчук тады было 14 гадоў. «На-на-на, малэнькэ — кліча яна згубленае цяля дзесьці каля вёскі Кулік, у Холмскай губерні. Раптам яна бачыць нейкі дзіўны табар, разбіты на вялікім лузе. — Дзеці плачуць, людзі. Быкі равуць, свінні віскочуць, крычаць гусі. Пекла», — напіша яна ва ўспамінах напрыканцы жыцця. Забыўшы пра цяля, дзяўчынка ляціць дадому. Калі на луг прыходзяць дарослыя, яны прызнаюць у людзях жыхароў суседняй вёскі. У вёску гэтую прыехаў атрад казакоў. «Здесь будет бой, — заявілі яны. — Уходите!» Што ім заставалася рабіць? Яны пайшлі. Калі на наступны дзень у балота за свірнамі ў Куліках пачынаюць падаць снарады, выкідваючы ў неба фантаны зямлі ды вады, і насельнікі Куліка пакуюць свае рэчы і таксама рухаюцца на ўсход.

«Насельніцтва, паддаўшыся агітацыі святара, рыхтавалася бегчы ў Расею, — напісаў у сваім дзённіку, які вёў у бежанстве, Паўлік (памяншальнае ад імя Паўла) з Волькі Выганоўскай каля Бельска. Тым не менш людзі спрабуюць пацягнуць час, хоць гром выбухаў і кулямётныя стрэлы чуюцца ўсё больш выразна. — Нарэшце, — піша Паўлік, — франтавыя казакі катэгарычна запатрабавалі нашага ад'езду».

У вёсцы застаецца ўсяго некалькі старых, якія хочуць, каб іх косці супакоіліся ў сваёй, а не чужой зямлі. Але калі праз некалькі дзён фронт набліжаецца да вёскі, спалохаўшыся, і яны пешкі вырушаюць за сваімі дзецьмі.

Стаянка ўцекачоў у Слуцку.

Стаянка ўцекачоў у Слуцку.

* * *

Вестка пра тое, што ўлады Уладавы ўжо эвакуіраваліся, уражвае жыхароў Ахроўкі. Пашчук, аднак, кажа ім запрагаць. Ён псаломшчык у праваслаўнай царкве, да якой належала тады палова вёскі, першы чалавек у вёсцы пасля святара. Людзі слухаюцца яго. Сам ён ідзе замкнуць царкву, а затым вырушае ў дарогу з жонкай і аднагадовым дзіцём, коцячы перад сабой дзіцячы вазок. «Паклалі мы ў вазок трохі посуду, зламаны парасон, брудную бялізну (сам не ведаю, чаму брудную; чыстую закапалі ў зямлю), зімовае паліто. Дом пакінулі незамкнёным. Ужо за вёскай я ўспомніў, што ключы ад царквы засталіся ў кішэні адзення, якое я закапаў у яму».

Вёскі, міма якіх яны ідуць, гараць, снарады разрываюцца так блізка, што бачны сполахі. «Мы пад'язджаем да драўлянага моста; побач новыя масты, і ўсюды натоўпы бежанцаў — піск дзяцей, плач маці, крыкі мужчын, завыванне сабак. Нават жывёлы выдаюць жаласныя гукі, адчуваючы сваю хуткую смерць. Масты ўжо абложаныя саломай і, мусіць, палітыя газай. Салдаты каля мастоў толькі і чакаюць, каб пакончыць з імі».

Ім удаецца пераправіцца на другі бераг, і яны бягуць далей, так хутка, як толькі могуць. Калі спыняюцца на ноч, ужо цёмна.

* * *

Калі я чытаю ўспаміны бежанцаў, вобразы з гісторый бабулі Надзі канкрэтызуюцца, становяцца больш выразнымі. Яна так і гаварыла: «Вазы; цэлае мора вазоў». Яны едуць у 3—4 рады, на іх, апроч рэчаў, дзеці і хворыя. Астатнія ідуць побач. Не відна канца й краю гэтага паходу. Паміж бежанцамі праціскаецца армія — усё яшчэ працягваецца вялікае адступленне. Ніхто не лічыць ідучых. Калі пасля некалькіх месяцаў паходу людзі нарэшце спыніліся, дабрачынныя арганізацыі зарэгістравалі 3,2 млн бежанцаў. Але гэта няпоўныя дадзеныя — па звестках гісторыкаў, бежанцаў магло быць нават 5 мільёнаў!

Доўгі шнур сялянскіх падводаў у ваколіцах Быхава.

Доўгі шнур сялянскіх падводаў у ваколіцах Быхава.

Гэтая лічба шакавала мяне. Як і тое, адкуль паходзілі бежанцы. Я была перакананая, што гэта гісторыя датычыцца толькі праваслаўных сялян з Беласточчыны; высветлілася, што бежанцы шлі і з Каралеўства Польскага (Беласточчына да яго не належала, была часткай Гродзенскай губерні), з зямель беларускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх — гэта значыць, адусюль, дзе ўлетку 1915 года праходзіў фронт. Найбольш апусцелі губерні: Гродзенская, з якой зарэгістравана больш за 800 тысяч бежанцаў, Валынь — больш за 500 тысяч, Холмская — амаль 300 тысяч, Курляндыя — амаль 250 тысяч чалавек, а таксама Віленская, Ковенская і Мінская — з кожнай амаль па 200 тыс. бежанцаў. Бязлюдзеюць цэлыя гміны, многія вёскі на некалькі гадоў цалкам знікаюць.

* * *

Пасля першай ночы ў бежанстве архоўцы прачынаюцца мокрыя ад расы. «Было цяжка, асабліва для маці з груднымі дзецьмі, але страху было менш, чым папярэдняй ноччу, калі мы чакалі прыходу ворага. Ззаду былі пажары, д'ябальскае святло якіх прадвяшчала нешта злавеснае», — піша псаломшчык Пашчук.

Але раніца прыносіць новы жах: «У аднаго з нашых памерла дачка, дзяўчынка 8 гадоў. Яна ляжала на траве, і яе трэба было зараз жа пахаваць». Усе сабраліся вакол і пайшлі да найбліжэйшых могілак. Хутка ім прыйдзецца прывыкаць да гэтых саматужных пахаванняў недалёка ад дарогі. Пашчук некалькі разоў піша пра тое, што «шмат нашых нам прыйшлося пахаваць».

Побач з месцам стаянкі бежанцаў у Ляхавічах вырас цэлы цвінтар.

Побач з месцам стаянкі бежанцаў у Ляхавічах вырас цэлы цвінтар.

Памерлых у дарозе бежанцаў ніхто не лічыў, не было ўліку, не вялося ніякіх запісаў. Падляшскія гісторыкі лічаць, што не змаглі перажыць паездку туды і назад прыкладна 1/3 усіх людзей. Летам 1915 года было горача і суха. Навакольныя калодзежы хутка былі вычарпаныя; людзі пілі ваду з рэк, сажалак і балот. Яны елі сапсаваныя ў спякоту прадукты. Не забавіліся эпідэміі. Халера і тыф сабралі свой ураджай.

І гэтая пастаянная блізкасць да фронту. Здараецца, што нямецкія самалёты бамбілі адыходзячае войска, не шкадуючы і бежанцаў. Такіх, як Паўліка і жыхароў Волькі Выганоўскай. Яны ўжо прайшлі кавалак дарогі, знаходзіліся каля Пружан. Ён і яго брат гналі кароў перад вазамі, фурманка бацькі ехала на невялікай адлегласці за імі. «Раптам прыляцелі два нямецкія самалёты, — апісвае Паўлік. — Я пазнаў іх па крыжах на крылах, ляцелі не надта высока».

Спрабуючы ўцякаць па лузе побач з дарогай, краем вока ён пабачыў, як адна з бомбаў падае туды, дзе знаходзілася фурманка яго бацькі. Як толькі самалёты адлятаюць, ён бяжыць туды. Ён бачыць разбітую фурманку, забітага каня і бацьку ў лужыне крыві, ужо ў агоніі. Пахаваўшы бацьку, маці аддае Паўліку бацькавы боты, кавалак хлеба, трохі грошай і адпраўляе яго далей. Фурманка разбітая, яна не мае сілы ісці, дык хай хаця б сын выратуецца.

* * *

Калі Сафія Аляшчук з Куліка і іншыя жыхары гэтай вёскі дабіраюцца да чыгуначнага вакзала ва Уладаве, дзяўчына аж спыняецца ад здзіўлення. «Тата, шо то за халупы?» — пытаецца яна. «Гэта не халупы, а вагоны. Для перавозкі», — кажа бацька. Яна ніколі не бачыла такіх у сваёй вёсцы. Неўзабаве намаганні дастаць квіткі для паездкі ў вагоне стануць галоўнымі для бежанцаў.

Фронт усё яшчэ рухаецца на ўсход, а перад ім рухаюцца мільёны ўсё больш і больш стомленых і хворых бежанцаў. Вайскоўцы вырашылі, што яны паедуць углыб імперыі па чыгунцы. Амаль ва ўсіх беларускіх гарадах і мястэчках вакол чыгуначных станцый арганізуюцца вялізныя часовыя лагеры бежанцаў. Вакол трыццацітысячнага Бабруйска размясцілася каля ста тысяч людзей; каля дзесяцітысячнага Кобрына — дзвесце тысяч. Праз трохі большы Рагачоў на працягу некалькіх месяцаў прайшло 700 тысяч людзей! Вакол лагераў хутка растуць могілкі.

Але цягнікоў усё няма і няма. Жыхары Архоўкі даўно спрабуюць «выправіць» вагоны. «Таму што нам было не да жартаў. Кожную ноч мацнелі замаразкі, раніцай усё было пакрытае тоўстым слоем шэрані», — запісвае Пашчук.

Калі эпідэміі ў лагерах бежанцаў пачынаюць пагражаць войскам, якія знаходзяцца ў тыле, генералы патрабуюць ад уладаў і адміністрацыі чыгункі неадкладна развезці бежанцаў па ўсёй Расіі: ва ўрадлівыя раёны Паволжа, на Дон, у Сібір, часам нават ва Уладзівасток. Вазы і сваю маёмасць сяляне павінны пакінуць на станцыях.

Людзі стаяць у чарзе па хлеб і цукар ад Чырвонага Крыжа ў Бабруйску.

Людзі стаяць у чарзе па хлеб і цукар ад Чырвонага Крыжа ў Бабруйску.

* * *

У Бабруйску Сафія Аляшчук з маці і сёстрамі трапляюць у «анучны» састаў. Ён складаецца з адкрытых платформаў, да краёў якіх, каб хоць трохі абараніцца ад холаду, мацуюць галіны, рэйкі і нацягваюць тканіну — «анучы». Едуць тыднямі. Сафія ўспамінае танцы на платформе ў Палтаве: прыходзяць мясцовыя дзяўчаты, кулікоўскія хлопцы пачынаюць іграць. Трохі пазней гіне яе сяброўка Каця: яна нясе ваду і пралазіць пад цягніком, які неспадзявана пачынае рухацца. Перш чым яны дабраліся да Урала, у вёску Каменская каля Пермі, згубілі бабулю Сафіі і некалькіх сваякоў. Яны так і не знайшліся потым.

Бежанцы едуць на адкрытых платформах, Валынская вобласць.

Бежанцы едуць на адкрытых платформах, Валынская вобласць.

На вагонах, якія ўрэшце удаецца «выправіць» жыхарам Архоўкі, чыгуначнікі пішуць «Томск». Людзі дапытваюцца, ці далёка гэта. Як з Холма да Варшавы ці як з Холма да Кіева? Чыгуначнікі смяюцца. Гэта непараўнальная адлегласць. Урэшце, Сібір! Падымаецца плач. За што іх туды вязуць? Туды ссылаюць самых небяспечных злачынцаў, тых, хто здзейсніў самыя цяжкія злачынствы! Праз некалькі дзён, аднак, аказваецца, што павязуць у Крым. Людзі абдымаюцца. Выратаваліся ад Сібіры! Калі па дарозе надвор’е робіцца штодня цяплейшым, людзі шчаслівыя.

* * *

Мая бабуля трапіла на Паўночны Каўказ, у станіцу Данская ў Стаўраполлі. Менавіта там яна бачыла той стэп і «заснежаныя вяршыні Каўказа на гарызонце», якія памятаю з дзяцінства. У яе аповедах, як і ў большасці іншых, якія былі расказаныя праз некалькі гадоў, ад знаходжання ў Расіі засталася ў памяці дабрыня мясцовых жыхароў, у якіх бежанцы знайшлі дом і работу, урадлівыя землі і пад дастатак ежы. Гэта тое, што было з добрага. Але аповеды, напісаныя па гарачых слядах, якія мне ўдалося знайсці, паказваюць больш складаную карціну.

Пашчук апісвае, як яго аднавяскоўцам — змучаным паездкай, хворым, часта ў жалобе аб страце родзічаў, — цяжка жылося ў Крыме. Ад улад і газет яны даведаюцца, што яны прыйшлі сюды, каб жыць з датацый і дапамог, што яны занадта патрабавальныя. З часам, аднак, яны знайшлі ў сабе сілы для працы, дзеці ідуць у школу, з цяжкасцю, але жыццё наладжваецца. Але ўспаміны Пашчука абрываюцца да рэвалюцыі.

У невялікім мястэчку дзесьці каля Пермі Сафія працуе ў каменяломні. Работа цяжкая, але ёй яна падабаецца больш, чым папярэдняя праца служанкі. Ёй бы пайсці ў школу, як ходзяць іншыя дзеці. Можа быць, сям'я пасылае яе на працу з-за таго, што маці хварэе? Бо маці сапраўды дрэнна. Здаецца, што гэта канец, але расейская суседка, старая жанчына, вылечвае яе, шэпчучы малітвы і дакранаючыся рукамі. Пасля рэвалюцыі бацька паедзе шукаць працы ў Маскве, а Сафія, яе сястра і маці будуць шукаць любую магчымасць, каб вярнуцца ў родную вёску Кулік каля Халма.

Бо рэвалюцыя разбурае больш-менш наладжанае жыццё бежанцаў. Вось тады ў гісторыях маёй бабулі Надзеі па рацэ пачынаюць плыць трупы, а на берагах гніе пшаніца. Тэрор і братазабойчая вайна, голад і эпідэмія тыфу штурхае бежанцаў дадому.

Невялікая частка бежанцаў атрымлівае магчымасць вярнуцца пасля Брэсцкага дагавора, а масавае вяртанне адбываецца пасля Рыжскага дагавора ў 1921 годзе.

* * *

Паўлік вяртаецца ў сваю Вольку Выганоўскую яшчэ ў канцы 1918 гада; ён быў у бежанстве ў Адэсе, трохі вучыўся, трохі працаваў. Маці яго, пасля таго, як бомба разбіла іх воз пад Пружанамі, дачакала, калі пройдзе фронт, і вярнуліся ў сваю вёску, дзе пасяліліся ў ацалелым доме суседкі. Так што цяпер у хлопца ёсць дах над галавой, яго маці сабрала запас бульбы на зіму. Большасці з тых, хто вярнуўся, не так пашанцавала. Засталі дома голы камень, як казала мая бабуля Надзя. Спаленая вёска, маладыя бярозкі на пустых палях. Каб выжыць, людзі капаюць зямлянкі, аддаюць дзяцей у парабкі да тых, хто не ад’язджаў, самі ідуць жабраваць.

Бежанцы вяртаюцца дадому, 1918 год.

Бежанцы вяртаюцца дадому, 1918 год.

Мая бабуля яшчэ на Каўказе выйшла замуж за хлопца са сваёй вёскі, там нарадзілася іх першая дачка, якую яны прывезлі ў Кнышэвічы. Пасля некалькіх гадоў, праведзеных у зямлянцы і ў клунях у родным сяле, яны перабіраюцца ў створаную паблізу калонію, тут будуюцца, тут з’яўляюцца ў сям’і яшчэ шэсць дзяцей. Потым успыхвае Другая сусветная вайна. Пасля яе завяршэння для большасці колішніх бежанцаў зноў з'яўляецца перспектыва вялікай міграцыі.

* * *

У 1944 годзе ўлады камуністычнай Польшчы і савецкіх Беларусі і Украіны падпісалі пагадненне аб абмене насельніцтвам, каб стварыць аднародныя ў этнічным сэнсе дзяржавы. Некаторыя з тых, хто перажыў бежанства 1915 года і вярнуўся на сваю зямлю, у адпаведнасці з новымі межамі апынуліся на польскім баку. Цяпер, аднак, беларусы і ўкраінцы ў чарговы раз павінны пакінуць свае вёскі.

Агітатары, што заклікаюць ехаць на ўсход, прыйшлі і да маёй бабулі Надзеі. Яны абяцаюць лепшую сядзібу, урадлівую зямлю, машыны задарма. Адным словам — рай. Але бабуля з дзядулем нават не разглядалі варыянт пераезду, як і пераважная большасць іх суседзяў.

Тут вы дома, у чужыне заўсёды будзеце чужымі — гэты ўрок, які яны вынеслі з бежанства.

Яны застаюцца.

Жонка і дачка Паўліка з Волькі Выганоўскай паехалі ў Беларусь. Сам Паўлік у 1943 годзе памёр ад сэрца. Чаму яны вырашылі ехаць? Удаве з двума маленькімі дзецьмі пасля вайны жылося нялёгка. А тым часам сітуацыя станавілася ўсё больш няпэўнай. Пасля іх ад’езду 29 студзеня 1946 года на Вольку Выганоўскую напаў атрад нацыяналістычнага падполля, якім камандаваў Рамуальд Райс «Буры». У Вольцы ў той дзень было забіта двое вяскоўцаў.

Большасць беларускіх сялян, якія вярнуліся з бежанства на Беласточчыну, усё ж маглі застацца ў сваіх дамах. Ва ўкраінцаў Холмшчыны і Любліншчыны такой мажлівасці не было. Яны былі дэпартаваныя ва Украіну або ў рамках аперацыі «Вісла» гвалтоўна пераселеныя на паўночны захад Польшчы, на так званыя ўз’яднаныя землі. Сафію Аляшчук з мужам і пяццю дзецьмі з роднага Куліка ў 1945 годзе вывезлі ва Украіну; але ў 1948 годзе ім удалося вярнуцца ў Польшчу.

Што здарылася з псаломшчыкам Пашчуком? Яго ўспаміны ахопліваюць толькі перадрэвалюцыйныя гады. Я не ведаю нават, ці змог ён вярнуцца на сваю зямлю? Зараз у Архоўцы няма ні яго нашчадкаў, ні былых ўкраінскіх суседзяў. Цалкам магчыма, што не вярнуўся. Таксама магчыма, што ў 40-х гадах яму прыйшлося выехаць ва Украіну. Калі б падчас аперацыі «Вісла» яго вывезлі кудысь пад Кашалін, Легніцы або Венгожава, мусіць, адзін з нашчадкаў адазваўся б і звязаўся са мной.

* * *

Пасля таго, як у верасні 2016 года ў Польшчы выйшла мая кніга «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы», я атрымліваю шмат лістоў.

З Беластока прыходзяць кранальныя паведамленні: «Здаецца, ажыла бабуля, якая часта ўзгадвала пра бежанства, але мы не слухалі». І ўсё больш і больш просьбаў аб дапамозе ў пошуку бежанскіх каранёў. Для сённяшніх 30—40-гадовых гісторыі бежанства іх бабуль і дзядуляў сталі важным элементам у пабудове сваёй уласнай ідэнтычнасці.

Нашчадкі бежанцаў Холмшчыны і Любліншчыны звычайна пішуць пра тое, як былі здзіўленыя, а трохі і шакаваныя сваімі адкрыццямі. Дома не казалі пра гісторыю, хавалі ўкраінскую ідэнтычнасць, можа, толькі часам нешта бабуля згадвала. І, калі чыталі выпадкова знойдзеную кнігу пра бежанства, гэтыя абрыўкі бабуліных аповедаў раптам складаліся ў гісторыі, пра якія яны не мелі найменшага паняцця.

І хаця чытачы часам нават не ведалі слова «бежанства», тыя гісторыі, што адбыліся сто гадоў таму, сёння дапамагаюць ім скласці сямейны пазл і зразумець свет вакол нас.

Пра аўтарку

Анэта Прымака-Онішк (Aneta Prymaka-Oniszk) — журналістка, публікавалася ў польскіх газетах і часопісах, у тым ліку ў Gazeta Wyborcza, Polityka, National Geographic, Karta.

Яе першая кніга, «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» (2016, выдаўніцтва Czarne), атрымала ўзнагароду «Варшаўская літаратурная прэм’ера» (найлепшая кніга лістапада 2016 года), Літаратурную прэмію мэра Беластока імя Веслава Казанэцкага за найлепшую кнігу года, а таксама званне Кнігі года ад «Варшаўскай літаратурнай прэм'еры». Яна таксама была намінаваная на літаратурную прэмію «Варшава» ў катэгорыі «проза» і на Гістарычную прэмію «Палітыкі» 2016 года, гістарычнай прэміі імя К. Мачарскага, а таксама стала фіналістам прэміі імя Рычарда Капусцінскага. З 2014 года вядзе вэб-сайт biezenstwo.pl. З'яўляецца сааўтарам выставы «Бежанства — незвычайная гісторыя звычайных людзей», што была паказана ў Белавежскім нацыянальным парку. У якасці эксперта брала ўдзел у многіх праектах, якія тычацца бежанства.

Таксама ўдзельнічала ў стварэнні навуковага цэнтра Каперніка — адной з найбуйнейшых і найгучнейшых устаноў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая папулярызуе навукі; была прэс-сакратаром пры будаўніцтве і адкрыцці ўстановы.

Нарадзілася ў Кнышэвічах (Беластоцкае ваяводства), цяпер жыве ў Варшаве.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0