У Гродне за безбілетны праезд у грамадскім транспарце аштрафавалі спаралізаванага пенсіянера, які ўжо два гады прыкуты да ложка, перадае гарадзенскі партал s13.ru. Прадугледжаную законам суму ў мужчыны-інваліда спісалі з пенсійнага рахунка. Менавіта тады гэтая гісторыя і атрымала сваё развіццё. Высветлілася, што невядомы безбілетнік выдаў сябе за пацярпелага, і менавіта па гэтых дадзеных, якія былі паведамленыя кантралёрам, інвалід і заплаціў штраф за парушэнне, якое нават фізічна не мог здзейсніць.

Анатоль Малікаў больш за два гады прыкуты да ложка пасля перанесенага інсульту. На лекі і так сыходзіць нямала сродкаў, а штраф за безбілетны праезд і зусім стаў шокам.

Жонка пацярпелага пры зверцы звестак па пенсіі знайшла разыходжанні і патэлефанавала ў пенсійны фонд, каб атрымаць тлумачэнні. Загадчыца фонда патлумачыла, што сродкі з рахунку былі спісаныя ў кошт пагашэння штрафу. Далей па ланцужку адбылася гутарка з бухгалтарам і юрыстам арганізацыі. Апошні і пацвердзіў, што ўсё зроблена па правілах — быў аформлены пратакол на дадзеныя пенсіянера.

Ірына Малікава так і не зразумела, адкуль у кантралёраў маглі з'явіцца дадзеныя мужа. Ёй параілі звярнуцца ў суд.

Пенсіянерка ўсё ж вырашыла высветліць прычыны і спачатку падзялілася праблемай з участковым інспектарам, які пацвердзіў магчымасць узнікнення такой сітуацыі. Маўляў, у кантралёраў ёсць свая служба высвятлення дадзеных «зайцоў». Самае цікавае, што штраф выпісалі на пенсіянера, але зусім па іншым адрасе — не ўказаным у прапісцы, не па тым, дзе ён рэальна пражывае. Да таго ж пенсіянеры так і не атрымалі ніякіх квітанцый аб выплаце штрафу.

У райаддзеле міліцыі накіравалі дакументы ў аўтобусны парк Гродна для далейшай праверкі. Там журналістам тэлерадыёкампаніі «Гродна» пацвердзілі, што затрыманне было, толькі вось кемлівага «зайца», якому ўдалося выдаць сябе за іншага чалавека, транспартнікі не ведаюць. Мужчыну без пашпарта ў адпаведнасці з правіламі даставілі для высвятлення асобы ў аддзяленне міліцыі на Фолюшы, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў высветлілі яго імя і прозвішча.

Цяпер тэарэтычна вярнуць 11 рублёў 50 капеек можна праз суд, аднак сям'я Малікавых уступаць у судовую справу намераў не мае. Але ў пенсіянераў засталася крыўда і пытанне, як пры наяўнасці сучасных баз дадзеных так проста можна пераблытаць двух чалавек.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру