На датэрміновых выбарах у парламент Каталоніі 21 снежня больш за ўсё галасоў сабрала ліберальная партыя Ciudadanos («Грамадзяне»), якой дастанецца 37 месцаў у парламенце, паведамляе La Vanguardia. Аднак большасць па суме месцаў будзе ў трох партый, якія выступаюць за незалежнасць рэгіёна. Яўка выбаршчыкаў была рэкорднай — 82%.
Тры незалежніцкія партыі: левая ERC, правацэнтрысцкая Junts per Catalunya і крайне левая CUP — разам здабылі 70 месцаў у парламенце. Для атрымання абсалютнай большасці ў парламенце Каталоніі трэба мець 68 мандатаў.
Інфаграфіка — Ara.cat.
Да гэтага ў прыхільнікаў незалежнасці было 72 мандаты.
Гэтым складам парламента Каталонія зацвердзіла правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці 1 кастрычніка гэтага года. Яго правядзенне Мадрыд забараніў, а вынікі не прызнаў. Пасля гэтага ўлады Іспаніі прынялі рашэнне пра датэрміновыя выбары ў парламент рэгіёна.
Дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі.





