Аляксандр Лукашэнка сваім указам зняў з пасады кіраўніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны генерал-маёра Сяргея Дудко, на гэтае месца прызначаны ягоны намеснік Андрэй Пасека.
Пасека даўно працаваў у Генштабе, у сярэдзіне 2000-х ён курыраваў стварэнне беларускіх беспілотнікаў, з'яўляючыся пры гэтым начальнікам аддзела кіравання ракетных войскаў і артылерыі.
Андрэй Пасека па цэнтры, уручае грамату. Фота gorki.by
Потым, у 2013-м, Пасека з залатым медалём і чырвоным дыпломам скончыў факультэт Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі.
Ці ёсць нейкія іншыя тлумачэнні гэтай змены, апроч відавочнай, што Дудко замянілі па ўзросце? Мы спыталіся пра гэта ў вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна.
«Тут можна быць яшчэ такое тлумачэнне, што тэрытарыяльная абарона не зусім адпавядае задуманаму Лукашэнкам, бо яе баявыя якасці далёкія ад запланаванага. Каб штосьці было больш-менш дзеяздольнае, трэба ўвесці баявую вучобу, а не толькі перыядычна збіраць старых дзядзькаў і абуваць іх у берцы. Я думаю, што гэта можа быць і ў сувязі з тым, што павышаюцца патрабаванні да тэрытарыяльнай абароны. Магчыма, Лукашэнка лічыць, што Пасека — гэта чалавек, схільны да навацый, з яшчэ незакасцянелым розумам, і ён хоча з яго дапамогай палепшыць падрыхтоўку, бо ён не проста «даслужвае», а штосьці хоча зрабіць», — сказаў Алесін.
***
У выпадку баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, тэрытарыяльная абарона мусіць узяць на сябе частку задач, якія могуць адцягваць рэгулярнае войска. У прыватнасці, сярод функцый тэрытарыяльнай абароны ахова аб'ектаў, удзел у ліквідацыі наступстваў бамбардзіровак, дапамога ў ахове дзяржаўнай мяжы, барацьба з дыверсантамі.
Упраўленне тэрытарыяльнай абароны ўваходзіць у структуру Генштаба і падпарадкоўваецца першаму намесніку міністра абароны, начальніку Генштаба Алегу Белаконеву.





