Мы выбралі пяць гіганцкіх падземных збудаванняў, якія былі створаныя людзьмі ў розныя часы і выдатна дэманструюць веліч інжынернае думкі чалавека.
1. Адэскія катакомбы
Ва ўкраінскай Адэсе знаходзіцца самая вялікая сетка падзямелляў у свеце. Тут знаходзяцца каменяломні, якія ўяўляюць танэлі і пячоры працягласцю 2 500 кіламетраў, якія працягваюць расці з кожным днём, бо здабыча каменя (ракушачніка) для будаўніцтва працягваецца і ў нашыя дні. А ў часы Другой сусветнай вайны тут хаваліся партызаны.
Рэгулярна ў адэскіх катакомбах губляюцца людзі, пошукі якіх часам займаюць два-тры дні і не заўсёды заканчваюцца паспяхова.
2. Падземны горад Дэрынкую
Горад на тэрыторыі сучаснай Турцыі, у якім людзі на працягу стагоддзяў хаваліся ад набегаў качэўнікаў, рэлігійных пераследаў і іншых небяспек, быў пабудаваны тры тысячы год таму.
Дасягаючы глыбіні каля 60 метраў, горад мае 8 ярусаў з жылымі кватэрамі, цэрквамі, броварам і іншымі грамадскімі месцамі і ў старажытныя часы мог даць прытулак 20 тысячам чалавек. Там захоўвалі таксама прадукты, трымалі тавар.
Плошча горада дакладна не ўстаноўлена: яна складае, паводле розных звестак, да 16 квадратных кіламетраў, але навукоўцы мяркуюць, што цяпер даследавана толькі каля 15% усяго падзямелля.
3. Падземны горад Каймаклы
Яшчэ адзін падземны горад — Каймаклы — знаходзіцца ў тым жа гістарычным раёне Кападокія, што і Дэрынкую, і звязаны з ім дзевяціметровым тунэлем. Падземныя прытулкі збольшага складаліся з двухпакаёвых кватэраў, у якіх за кошт сістэмы вентыляцыі падтрымлівалася пастаянная тэмпература 27 °С.
На гэтым фота бачны адразу некалькі ярусаў. Фота: Wikipedia
У пячорах таксама выяўленыя кухні, стайні, вінны склеп, капліца са спавядальняй, складскія памяшканні для захоўвання прадуктаў харчавання на некалькі месяцаў. У сценах гэтага горада маглі хавацца каля 15 000 чалавек.
4. Саляная шахта ў Вялічцы
Размешчаная ля Кракава саляная шахта Вялічка была пабудаваная ў ХІІІ стагоддзі, і соль тут здабывалася ажно да 2007 года. З гадамі тут сфарміраваўся падзямельны комплекс, дзе ёсць статуі, капліцы, гатэлі і нават сабор. Акрамя гэтага, у шахце ёсць вялікае падземнае возера.
Даўжыня шахты складае каля 300 кіламетраў. Падчас Другой сусветнай вайны яна выкарыстоўвалася немцамі пад вытворчасць боепрыпасаў.
Уся гэтая веліч у цэнтры Еўропы прыцягвае сюды сотні тысяч турыстаў у год.
5. Падземны горад Наур
Наур, які месціцца ў Францыі і быў пабудаваны ў ІХ стагоддзі, быў здольны размясціць да трох тысяч чалавек. Сетка падземных вуліц, галерэй і плошчаў дасягае двух кіламетраў і размяшчаецца, у сярэднім, на глыбіні 33 метры.