У пачатку 2018 года на Зямлі будуць жыць 7 млрд 591 млн 541 тыс. чалавек. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў прагнозе, апублікаваным у пятніцу, 22 снежня, фондам «Насельніцтва Зямлі» (Stiftung Weltbevölkerung), штаб-кватэра якога знаходзіцца ў нямецкім горадзе Гановеры, паведамляе Deutsche Welle.
У параўнанні з паказчыкам гадавой даўнасці, колькасць жыхароў Зямлі павялічыцца прыкладна на 83 млн чалавек. Пры гэтым прырост насельніцтва на планеце складае ў сярэднім 2,6 чалавека ў секунду.
Самымі хуткімі тэмпамі ён ідзе ў Афрыцы. Эксперты, у прыватнасці, мяркуюць, што да 2050 года там будуць пражываць 2,5 млрд чалавек, і раяць больш актыўна рэалізоўваць адукацыйныя праграмы, каб пазбегнуць непажаданых цяжарнасцяў.
Як раней адзначала кіраўнік фонду «Насельніцтва Зямлі» Рэната Бер (Renate Bähr), калі б кожны чалавек мог самастойна вырашаць, калі і колькі дзяцей ён хоча мець, гэта дазволіла б прадухіліць каля 70 адсоткаў выпадкаў незапланаванай цяжарнасці.





