Больш за 30 удзельнікаў нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2018» праслухае журы 11 студзеня, паведамляе Белта. Тэрмін падачы заявак заканчваецца сёння ў 23.59.

Праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі або фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду ці якіх-небудзь вакальных імітацый. Афіцыйны сайт адбору па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю.

У гэты раз да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, названымі ў палажэнні адборачнага тура. На сёння ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 30 заявак, сярод якіх канкурсанты, што неаднаразова прымалі ўдзел у нацыянальных адборах: Жанет, ALEN HIT, KATTIE, гурт PROVOCATION, Аляксандра Ткач.

11 студзеня патэнцыйныя ўдзельнікі песеннага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы. Імёны фіналістаў, якіх будзе не больш за 15, стануць вядомыя ў гэты ж дзень вечарам.

Фінал адбору пройдзе не пазней за 1 сакавіка наступнага года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне 2018» у сталіцы Партугаліі Лісабоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0