Жахі і жудасьці чакаюць Эўропу на наступным тыдні, калі яна ня вызнае нашы самыя дэмакратычныя выбары. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

У вас пятае купэ, — правадніца працягнула білет пасажыру.

Пасажыр падняўся ў вагон і разваліўся на канапе. За вокнамі замільгалі краявіды Заходняй Беларусі.

Чалавек быў назіральнікам ад ЭС на выбарах, прызнаць якія дэмакратычнымі мог толькі хворы. У яго памяці зноў паўсталі падліковыя камісіі, дзе не было ніводнага апазыцыянэра, безальтэрнатыўныя выбарчыя ўчасткі, бонзы рэжыму, якія пагражалі назіральнікам — у выпадку непрызнаньня выбараў дазволіць транзіт наркотыкаў у ЭС, перарваць пастаўкі газу, разарваць дыпляматычныя зносіны.

Тут нечакана ў купэ намалявалася жанчына сярэдняга веку.

— Цыгарэты на продаж у Польшчу не вязеш?

Не пасьпеў назіральнік раздупліцца, як цётка дастала пару блёкаў «Бонду» і сунула пад сядзеньне.

— Дзякуй. Я ў Седліцы забяру. Дарэчы, а кампанэнты для ядзернай зброі таксама не вязеш?

— Вас?

— Што «Вас»? Нашы больш за два кіляграмы ўрану вывозіць не даюць. Азьвярэла мытня!

— Вы ёсьць крэйзі?! — гэта было адзінае, што змог сказаць суразмоўца.

— Якая крэзі? Бацька дазволіў у Эўропу атамныя бомбы правозіць. Трэба было выбары прызнаваць. Дзякуй, я забяру пасьля Берасьця.

Спэкулянтка паклала на верхнюю паліцу два пакеты з надпісам «Унівэрсам Рублёўскі», якія зіхацелі як дыскатэка, і зьнікла.

У жаху назіральнік кінуўся з купэ ў калідор, дзе сутыкнуўся з правадніцай.

— Пасажыр, нічога не жадаеце? — запытала тая, бліскаючы залатой фіксай.

— А што ў асартымэнце?

— Чай, кава, гераін, какаін, марфін, вафлі, рабыні ёсьць сьвежыя. А вось клей, прабачце, скончыўся — пасажыр з трэцяга купэ ўсе цюбікі скупіў. Толькі адразу папярэджваю — нюхаць і калоцца забараняецца за 20 хвілін да прыбыцьця на канцавую станцыю. Ды што Вы так гледзіце на мяне? Вось інструкцыя на правоз у Эўропу наркотыкаў і жывога тавару ў якасьці адэкватнага адказу на непрызнаньне выбараў. Вось сэртыфікаты.

Назіральніку спатрэбілася пару хвілін, каб прыйсці да цямы і моўчкі пасунуцца ў бок туалету. Але не пасьпеў таргануць дзьверы, як з‑за іх высунуўся чарнявы мужчына і на ломанай ангельскай папрасіў цішыні, таму што, разумееш, у туалеце сьпяць пяць дзетак і бабуля — і едуць яны з Бангладэшу ў Эўропу, выкарыстоўваючы зручны момант: злы пасьля выбараў на Захад Менск дазволіў транзіт нелегалаў.

— Ты можаш на вячэру барана зарэзаць, ці гэта мусім рабіць мы — твае тры жонкі? — закрычаў нехта з глыбіні памяшканьня.

Пайду я, — сказаў нелегал і зачыніў дзьверы.

Увесь астатні адрэзак шляху да Тыраспалю назіральнік прастаяў у тамбуры. Як толькі цягнік дасягнуў фарпосту Эўропы, ён кінуўся да чыгуначных кас.

— Біттэ, пані, хутчэй, білет да Менску. Яшчэ ня позна вызнаць гэтыя ідыёцішэ выбары.

— Пшэпрашам, — сказала касірка, — Але Менск, як і абяцаў, за непрызнаньне выбараў парваў усе адносіны з ЭС і цалкам пераарыентаваўся на Вэнэсуэлу і Іран. Магу прапанаваць вам білет на цягнік да Гданьску, адтуль на марскі ляйнэр да Вэнэсуэлы, дзе вы зможаце сесьці на самалёт, які ляціць у Тэгеран. А там перасесьці на менскі рэйс.

Назіральнік выцягнуў партманэ.

— Пані прымае картку Visa? Пані?..

Адказу не было. Шкло касы канчаткова зацягнулася шэраньню, недзе гулка бразнуў, адламаўшыся, лядзяш: каб адпомсьціць за непрызнаньне выбараў, Менск вырубіў Эўропе газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?