Начныя дзяжурствы пад офісам Упраўлення капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска ўжо сталі традыцыяй. У сярэдзіне студзеня пад дзвярыма ўстановы працягваюць начаваць будучыя ўладары кватэр у Навінках.

Раніцай 10 студзеня пачнецца продаж новай партыі кватэр у доме ў Навінках. Кошты падраслі (цяпер $820 замест $650—700, як было раней), аднак пакупнікоў менш не стала. Людзі зноў стаяць у чарзе на марозе, каб плаціць за жыллё менш за рынкавую цану — яна складае каля 1000—1200 даляраў.

«Я буду набываць аднапакаёўку. Эканомлю каля $5—7 тысяч», — падлічвае адзін з суразмоўцаў.

На гэты раз пакупнікам прапануюць 69 кватэр: 45 аднапакаёвак і 24 двухпакаёвыя. Хто што атрымае, дакладна невядома. Людзі прызнаюцца, што не ўсе ў чарзе кажуць, колькі кватэр будуць браць, таму не ўсім, хто стаіць на марозе, хопіць квадратных метраў. Аднак нервовасці, якая была раней, няма. На ганку невялікі блокпост з тых, хто займаў раней за ўсіх, вакол УКБ бадзяюцца яшчэ людзі, агулам чалавек з 20—30.

Але ж чарга пачала фарміравацца яшчэ ўвечары 19 снежня, калі мінулая партыя кватэр была раскуплена. Праўда, увесь час пад дзвярыма УКБ стаялі толькі некалькі чалавек — пакупнікі ўсё ж стварылі спісы і па іх некалькі разоў у суткі адзначаліся. А калі выйшла афіцыйная дэкларацыя аб продажы, ужо ад кожнай сям’і начавала па прадстаўніку. І цяпер, запэўніваюць людзі, пад УКБ знаходзяцца ўсе пакупнікі, проста хтосьці адышоў, хтосьці грэецца ў машынах. Улезці ў чаргу ў простага мінака не атрымаецца.

Прычым сустракаюцца ў чарзе і тыя, хто ўжо набыў жыллё ў мінулы раз.

«За сяброў стаім», — тлумачаць яны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?