Падчас Сёмага з’езда беларусаў свету, які праводзіла Згуртаванне «Бацькаўшчына» ў Мінску ў ліпені 2017 года, з ініцыятывы сяброў Калінінградскага таварыства беларускай культуры і яго старшыні Ігара Шаховіча быў прыняты зварот да мэра Калінінграда Аляксандра Ярашука аб наданні імя Францыска Скарыны адной з вуліц горада ў гонар пяцісотгадовага юбілею ўсходнеславянскага друку.

Ідэя распачаць у Калінінградзе ўшанаванне персонаў беларускага паходжання з Францыска Скарыны выглядае слушнай — у 1530 годзе на запрашэнне герцага Прусіі Альбрэхта Брандэнбурга Скарына працаваў у Кёнігсбергу.

На пасяджэнні тапанімічнай камісіі ў Калінінградзе, якое адбылося ў снежні 2017 года, зварот дэлегатаў Сёмага з’езда беларусаў свету быў разгледжаны. І згуртаванне «Бацькаўшчына» атрымала адказ, у якім паведамляецца, што пасля абмеркавання сябры камісіі прыйшлі да высновы, што з мэтай умацавання культурных і эканамічых сувязяў Беларусі і Калінінградскай вобласці варта надаць у 2018 годзе імя Францыска Скарыны вуліцы ў жылым квартале, які зараз будуецца (раён вуліц Пархоменка і Левітана).

Выснова тапанімічнай камісіі накіраваная да разгляду і зацвярджэння ў гарадскі Савет дэпутатаў Калінінграда. Беларусы ў Калінінградзе спадзяюцца, што гарсавет ухваліць такі падыход і ў хуткім часе вуліца імя Францыска Скарыны з’явіцца ў горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?