Увечары 11 студзеня ў аб'ектывы сістэмы відэаназірання за мяжой на літоўскім кірунку трапіў невядомы транспарт, які рухаўся па чыгуначным палатне ў бок Беларусі, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
Пагранічны нарад за 200 метраў ад беларуска-літоўскай мяжы спыніў імправізаваную металічную каляску, вырабленую саматужным спосабам, вонкава падобную на дрызіну ў мініяцюры, якую прыводзіў у рух электрарухавік, сілкаваны двума акумулятарамі.
Фота — ДПК
Як мяркуецца, гэты прагон каляскі выкарыстоўваўся для «разведкі» мясцовасці. Аднак новы метад дастаўкі кантрабанды аказаўся правальным. Зараз памежнікі спрабуюць вызначыць датычных да вырабу каляскі.





