Новы міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч загадаў у хуткім часе развітацца са старымі працаўнікамі міністэрства. Гаворка перш за ўсё ідзе пра выпускнікоў маскоўскага МГІМО, даведалася радыёстанцыя RMF FM «з уласных крыніц».
Паводле даных радыёстанцыі, адной з галоўных прычын адстаўкі ранейшага міністра Вітольда Вашчыкоўскага было «нежаданне радыкальных кадравых зменаў».
Новыя кадры маюць быць набраныя нават з ліку людзей, якія не маюць дыпламатычнага досведу. Такія распараджэнні Яцэк Чапутовіч выдаў яшчэ на пасадзе намесніка міністра і звольніў дырэктара Дыпламатычнай акадэміі Артура Харазіма.
Міністэрства замежных спраў Польшчы пацвердзіла, што падчас апошняга іспыту ў дыпакадэміі заліковы парог быў зніжаны, але прычынаю назвала тое, што сёлетні тэст быў больш складаны за леташні.





