Геапалітычны выбар рэжымам Лукашэнкі быў зроблены яшчэ ў зародку. Па сваёй прыродзе, ідэалёгіі і палітыцы – гэта прарасейскі рэжым. Масква яго стварыла. Яна ж падтрымлівае гэты ягоны расейскі “выбар” мільярднымі крэдытамі (выгаднымі Маскве). Яна ж прывязала яго да сваёй газа-нафтавай трубы і да сваёй ваеннай машыны. Яна ж пакрокава заганяе яго ў сваю стара-новую гэбоўскую імпэрыю.

Ваенны напад Расеі на Грузію разбудзіў, нарэшце, Захад ад ружовае сьпячкі. Здаецца, яны ўжо пачалі разумець, што дыпляматычны пэрыяд новага гэбоўскага райху скончыўся і пачаўся адкрыты этап чарговага перадзелу сьвету. Матывы, матывацыя, дзеяньні і схема дакладна супадаюць з паводзінамі гітлераўскага райху ў 1930-х.

У гэтай сытуацыі ўсе ў Эўропе адчулі небясьпеку. У тым ліку і прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі зразумеў пагрозу свайму аўтаномнаму існаваньню. Рэжым, які вастрыў авантурныя амбіцыі на захоп улады ў Расеі, ня хоча, каб яго гэтая Расея пракаўтнула цяпер, як зайца ўдаў. Эўразьвяз, бачачы такое, ня хоча гэбоўскага райха і расейскіх ракетаў за Бугам. Смажаны певень дзюбнуў, нарэшце, усіх. Перамовы і збліжэньне рэжыму з Эўразьвязам заканамерна вынікалі з абставінаў – і яны пачаліся. Гэта дало падставу шмат каму гаварыць пра “геапалітычны выбар” рэжыму (які мы пішам толькі ў двукосьсі) і быццам бы паварот ягоны на Захад.

Гэтай фразэалёгіі аб дарозе ў Эўропу, аказваецца, хапіла шмат якому нашаму беларусу, каб душа яго ўсхвалёвана затрымцела. Ён ужо думае, што Лукашэнка (гэты ненавісны яму Лукашэнка) пойдзе, нарэшце, на Захад, і ніхто не пагоніць усіх у Расею.

Мушу, аднак, у чарговы раз моцна расчараваць гэтых людзей і іхняе міфалягічнае думаньне. Лукашэнка і прамаскоўскі рэжым ня пойдуць на Захад, і нават не павернуцца да яго тварам. Хоць зрухі і дачыненьні пачнуцца, але геапалітычныя перавыбары не адбудуцца. Гэта відавочна для ўсіх, хто ўмее хоць збольшага аналізаваць, хоць трошкі ўяўляе сытуацыю і ведае Лукашэнку. Далей за тактыку балянсаваньня (“два крылы”) рэжым не пасунецца.

Збліжэньне з Эўразьвязам – гэта ўсяго толькі тактыка, якая ў рэальнасьці ў любы момант можа быць спыненая і нават ператвораная ў сваю супроцьлегласьць. Рэжымны гандляр хоча купіць каня за мыльныя бурбалкі.

Для беларусаў у гэтай сытуацыі непрызнаньне фальшывых выбараў ёсьць важнейшае, чым усе маніпуляцыі рэжыму з Эўразьвязам. Рэальны паварот рэжыму да Эўропы мусіў бы адбывацца на іншых умовах.

Беларусь у яе сучасным стане можа лёгка стаць разьменнай манетай паміж Расеяй і Захадам.

У геапалітычных дачыненьнях паміж імпэрыямі і блёкамі пастаянна ўзьнікаюць вялікія і маленькія пакты ды пакцікі “Рыбентропа-Молатава”. Да такой палітыкі трэба быць падрыхтаванымі, каб ня стацца ахвярай. Яе можна прадбачыць, але нельга лягічна спрагназаваць, бо вельмі розныя падыходы ўключаныя ў дзеяньне. Адсутнасьць прынцыпаў, прыстойнасьці і маралі не перашкаджае Эўропе прытрымлівацца агульных правілаў. Расея, тым часам, усё робіць і ацэньвае толькі па сваіх ”чынгізханаўскіх” правілах (дакладней, па паняцьцях), а Лукашэнка ўвогуле не трымаецца ніякіх правілаў. Толькі вельмі наіўныя і далёкія ад рэчаіснасьці людзі могуць думаць, што рэжым Лукашэнкі тут дзейнічае ў адзіночку і намерваецца зрабіць нейкі “геапалітычны” заходні выбар, што, у прынцыпе, для яго немагчыма.

Рэальна дапусьціць, што палітыка рэжыму будзе балянсаваць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Рэжым дэкляруе гэта, і мы бачым пэўныя яго захады. У прынцыпе, такі стан быў бы больш зручны для нашай прыгнечанай цяпер нацыі, чым аднабокая скіраванасьць рэжыму на Ўсход. Але ўся справа ў тым, што заходнія зрухі рэжыму, аказваецца, шчыльна кантралююцца ўсходнім надзіральнікам.

Пытаньне -- прызнае, ці не прызнае Эўропа фальшывыя выбары ў Беларусі, -- разьмеркавалася, на мой погляд, ужо цяпер, катэгарычна не на карысьць прызнаньня. Як бы ні круцілася Эўропа, але ў гэтых абставінах разумна абгрунтаваць прызнаньне, нават моцна скрывіўшы душой, ўжо немагчыма, ня страціўшы свайго твару. (У некаторых месцах “папярэдне” прымусілі прагаласаваць 93 адсоткі выбарцаў, а ў цэлым па Беларусі – 30 адсоткаў. Гэта ёсьць падрыхтоўка маштабнай фальсыфікацыі, якую ўжо не абвергнеш.)

Пры найгоршым выніку (фальсыфікацыя і прызнаньне дэмакратычнасьці недэмакратычных выбараў Эўропай) беларусы не павінны прызнаваць фальшывыя выбары і фальшывую “палату”. Неабходна будзе гэта разнастайна засьведчыць. У тым ліку, на спэцыяльным форуме усіх выбаршчыкаў і арганізацыяў, што ўдзельнічалі (ці сьвядома ня ўдзельнічалі) у выбарах. Беларускае грамадзтва павінна б было ўсьвядоміць новую сытуацыю ў міжнароднай палітыцы і мусіла б зьвярнуцца да аб’яднаньня вакол нацыянальнай ідэі, мусіла б падтрымліваць беларускую вызвольную палітыку і беларускае нацыянальнае Адраджэньне, асабліва - ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць”.

Мяркую, што вопыт гэтых выбараў (пры любым выніку і любым зыходзе) павінен даць беларусам моцны штуршок для асэнсаваньня народнага лёсу, прыхіліць многіх да калектыўных дзеяньняў дзеля нацыянальнай будучыні, волі і шчасьця Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?