У Беларусі за мінулыя выхадныя ў ДТЗ загінулі 17 чалавек, паведамілі ва УДАІ МУС. Апрача таго, 27 і 28 верасня ў 62 ДТЗ 59 чалавек атрымалі цялесныя пажкоджанні рознай ступені цяжкасці.

Людзі загінулі ў выніку трох перакульванняў транспартных сродкаў, наезду на веласіпедыста, удару веласіпедыста грузам, сутыкнення аўтамабіля з гужавай павозкай і дзевяці наездаў на пешаходаў.

Так, 28 верасня ў Навагрудку 55‑гадовы вадзіцель, які кіраваў аўтамабілем «Опель», выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з гужавай павозкай, якой кіраваў 73‑гадовы пенсіянер. У выніку пасажыр гужавай павозкі 1926 года нараджэння загінуў на месцы ДТЗ, а пенсіянер памёр у бальніцы. Вадзіцель «Опеля» з месца здарэння ўцёк, але быў затрыманы ў ходзе правядзення плана «Перахоп».

Як зазначылі ў ДАІ, гібелі прахожых можна было пазбегнуць, калі б яны былі пазначаныя святлоадбіўнымі элементамі. У вёсцы Малешаў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці 24‑гадовы мясцовы жыхар, які кіраваў матацыкалам без вадзіцельскага пасведчання, здзейсніў наезд на пенсіянерку, якая не была пазначана флікерамі. Жанчына ад атрыманых траўмаў памёрла.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што ў цемнаце кожны пешаход, які ідзе па дарозе, павінен быць пазначаны святлоадбіўнымі элементамі. Пешаходы, якія ігнаруюць гэтыя патрабаванні ПДР, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. У выхадныя дні за адсутнасць флікераў было аштрафавана 698 чалавек (штраф складае да 17,5 тыс. рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?