Мэр Венецыі Луіджы Бруньяра абураны высокімі цэнамі ў рэстаранах горада — пра гэта ён заявіў пасля таго, як чацвёра японскіх турыстаў паскардзіліся ў паліцыю на рахунак у 1100 еўра за чатыры стэйкі і талерку смажанай рыбы.
У рахунак, які прынеслі чатыром студэнтам з Японіі ў рэстаране недалёка ад плошчы Святога Марка, таксама ўваходзілі звычайная вада і абслугоўванне.
Тры сяброўкі студэнтаў, што падарожнічаюць разам з імі, пайшлі ў іншы рэстаран, але і там ім давялося заплаціць 350 еўра за тры талеркі пасты з морапрадуктамі, паведамляюць мясцовыя СМІ.
«Мы старанна разбярэмся і даведаемся, наколькі правамерныя гэтыя скаргі», — напісаў мэр у твітары.
«Калі пацвердзіцца, што гэта ганьба сапраўды была, мы зробім усё магчымае, каб пакараць вінаватых. Мы за справядлівасць — заўсёды!» - дадаў чыноўнік.
Скаргі японцаў падтрымаў афіцыйны прадстаўнік арганізацыі жыхароў Венецыі «Група 25 красавіка» Марка Гаспарынэці.
Італьянскія СМІ не называюць рэстаран, у якім абедалі японцы, аднак ўдакладняюць, што ўстановай кіруе егіпцянін, а валодае ім кітаянка.
Гаспарынэці ў гэтай сувязі скардзіцца на тое, што толькі 1,1% рэстаранаў вакол плошчы Святога Марка належаць мясцовым жыхарам, ды і ў цэлым венецыянцы валодаюць толькі паловай устаноў, размешчаных у гістарычнай частцы горада.
«Група 25 красавіка» мае намер апублікаваць на фэйсбуку парады для турыстаў, якія павінны дапамагчы ім пазбегнуць падобных выпадкаў, дадаў ён.