У Беларусі распрацоўваецца аўтарскі анлайн-курс па story telling. Гэта першая спроба дыстанцыйнага выкладання асноў літаратурнага майстэрства для дзіцячай аўдыторыі ў нашай адукацыйнай прасторы. Распрацоўшчык курса — вядомая паэтка, пісьменніца, лінгвістка, перакладчыца Вольга Гапеева.

Гэты курс будзе інтэграваны ў вядомы праект «ТэДДЗі — Трыбуна Для ДЗяцей», які вучыць малодшае пакаленне асэнсоўваць і выказваць свае праблемы і каштоўнасці ў публічнай прасторы. У першым сезоне пераможцамі праекта сталі хлопчыкі, якія ўзнялі праблему заняпаду беларускай мовы. Іх ролікі прагледзела і лайкнула больш за за 10 000 чалавек.

«Таму мы вырашылі зрабіць частку адукацыйных модуляў праекта на беларускай мове. І менавіта ў межах літаратурна-мастацкага курса, — тлумачыць аўтар праекта ТеДДЗі Ганна Кручкова. — Як сцвярджаюць вучоныя і футуролагі, каб знайсці свае месца ў сучасным свеце, трэба развіваць здольнасці, якія нельга аўтаматызаваць, якія недасягальныя для робатаў. А каб не стаць робатамі, людзі павінны жыць асэнсавана. Літаратура — цудоўны спосаб асэнсавання рэчаіснасці і сябе. Але зараз у школах нашы дзеці амаль не пішуць сачыненні, у краіне адсутнічае развітая інфраструктура і сістэмныя практыкі па развіцці літаратурных здольнасцяў у тынэйджараў. Спадзяемся, што створаны курс натхніць іх на пісьменства і, магчыма, будзе штуршком да з’яўлення наступнага беларускага нобелеўскага лаўрэата».

Курс будзе размешчаны на платформе дыстанцыйнага навучання РГА «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».

Зараз ідзе кампанія па зборы сродкаў на яго падтрымку. Кожны ахвотны можа дапамагчы ў стварэнні курса на краўдфандынгавай пляцоўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0