Трывожныя навіны прыходзяць з Украіны — у нашых паўднёвых суседзяў зафіксаваная ўспышка адру. За год колькасць хворых вырасла больш чым у 61 раз — з 78 выпадкаў у 2016 годзе да 4782 выпадкаў у 2017-м. У новым 2018 годзе хвароба працягвае распаўсюджвацца. Самая трывожная сітуацыя — у Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Адэскай, Закарпацкай і Запарожскай абласцях. Хварэюць пераважна дзеці. Прычына такой успышкі відавочная — нізкі ўзровень прышчэпленасці ва Украіне, параўнальны з узроўнем краін Экватарыяльнай Афрыкі.

Што такое адзёр?

Адзёр — сур’ёзная інфекцыйная хвароба. Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што адзёр — асноўная прычына смяротнасці ў дзяцей. Хварэюць пераважна дзеці ад 2 да 5 гадоў.

Галоўнымі сімптомамі хваробы з’яўляюцца высокая тэмпература, агульная інтаксікацыя, кан’юнктывіт, запаленне слізістай абалонкі верхніх дыхальных шляхоў, боязь святла. Як і звычайны грып, перадаецца паветрана-кроплевым шляхам: вірус выдзяляецца ў асяроддзе хворым чалавекам са сліззю падчас кашлю і чхання. Заразіцца можна таксама праз прадметы быту. Але трэба памятаць, што першыя сімптомы могуць наступаць толькі праз 8—14 дзён. Характэрны сып з’яўляецца толькі на 4—5 дзень працякання хваробы.

Чаму ва Украіне ўспышка адру?

Успышкі інфекцыйных захворванняў цыклічныя і могуць адбывацца нават у тых краінах, дзе высокі ахоп вакцынацыі насельніцтва. Ва Украіне ж сітуацыя далёкая ад нармальнай. На пачатак 2015 года толькі 27% украінскіх дзяцей былі прышчэпленыя ад адру, што значна менш за мінімальна дапушчальнае значэнне ў 95%. У 2016 годзе толькі ў 8 краінах ААН зафіксавала ўзровень вакцынацыі, ніжэйшы за 50%. Акрамя Украіны, туды трапілі Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад, Экватарыяльная Гвінея, Нігерыя, Самалі, Паўднёвы Судан і Сірыя.

Узровень вакцынацыі ў свеце.

Узровень вакцынацыі ў свеце.

Менавіта прышчэпкі дазволілі ўратаваць вялікую колькасць чалавек ад смерці і не даюць эпідэміям разгарнуцца. Калі ў 1980 годзе, перад пачаткам масавай вакцынацыі, ва ўсім свеце ад адру памерлі 2,6 мільёна чалавек, пераважна дзяцей, у 1990 колькасць смяротных выпадкаў скарацілася да 545 тысяч, то ўжо ў 2014 годзе ад адру памерлі 73 тысячы чалавек.

Да з’яўлення антыбіётыкаў і вакцыны на адзёр хварэлі амаль усе людзі ў дзяцінстве. Ад гэтай хваробы памірала прыкладна адно дзіця са ста. Хвароба была дзіцячай, дарослыя на яе не хварэлі, бо атрымлівалі імунітэт пасля хваробы ў дзяцінстве.

Ва Украіне сітуацыя складаная, бо частка насельніцтва прышчэпленая, а частка — не. Гэта прыводзіць да таго, што людзі хварэюць у меншай колькасці, чым пры поўнай адсутнасці прышчэпак, але адначасова з гэтым пачынаюць хварэць дарослыя, якія не хварэлі ў дзяцінстве і непрышчэпленыя. А ў дарослых адзёр — гэта больш сур’ёзная хвароба, з большай колькасцю ўскладненняў і смяротнасцю.

У ідэале краіна альбо прышчапляецца цалкам (95—98% насельніцтва), альбо не прышчапляецца ўвогуле (каб кожны перахварэў у дзяцінстве). Сітуацыя ва Украіне, дзе палова насельніцтва прышчэпленая, а палова не — вельмі небяспечная. Такім чынам, Украіна па ўзроўні вакцынацыі аказалася на адным узроўні з Нігерыяй і Самалі.

Таксама спецыялісты звяртаюць увагу, што ва Украіне адсутнічае дакладная статыстыка па колькасці хворых і памерлых. Большая частка выпадкаў проста не трапляе ў інфармацыйнае поле.

Як Украіна дайшла да такога?

Доўгі час ва Украіне існавала праблема з дастаўкай самых галоўных вакцын. Нават тыя вакцыны, якія існавалі ў доступе, не заўсёды былі добрай якасці. Цяпер вакцыны з’явіліся ў доступе (у тым ліку супраць адру), але дзяржаўная сістэма аховы здароўя Украіны настолькі дыскрэдытавала сябе, што існуе істотная праблема даверу. Людзі проста не хочуць прышчапляць сваіх дзяцей, таму што баяцца магчымых ускладненняў ад прышчэпак і не ўлічваюць, што ад адру ўскладненні яшчэ больш частыя і сур’ёзныя. Антывакцыянальныя настроі распаўсюджаныя ў грамадстве як з-за нізкай інфармаванасці насельніцтва, так і з-за нізкага прафесійнага ўзроўню медыкаў. Даходзіць да таго, што ў шматлікіх выпадках медыкі самі адгаворваюць людзей рабіць дзецям прышчэпкі, таму што падзяляюць антынавуковыя і шарлатанскія погляды пра іх нібыта вялікую небяспеку.

Што будзе далей?

Далей будзе толькі горш. Спецыялісты папярэджваюць, што акрамя адру ва Украіну могуць прыйсці больш сур’ёзныя хваробы, такія, як дыфтэрыя. Калі прышчапіць ад адру адносна проста (дастаткова дзвюх прышчэпак у дзяцінстве), то рабіць прышчэпку ад дыфтэрыі трэба і дарослым кожныя 10 гадоў. Таму распаўсюджвацца дыфтэрыя будзе яшчэ хутчэй. А гэта больш небяспечная хвароба, чым адзёр — без сыроваткі і лячэння памірае каля 50% хворых.

Перад паездкай у краіны з вялікай колькасцю інфікаваных упэўніцеся, што ў вас і вашых дзяцей ёсць усе неабходныя прышчэпкі. Калі прышчэпак няма, зрабіце іх не пазней за месяц да паездкі. Калі пасля паездкі ў небяспечныя краіны вы адчуваеце сябе кепска, звярніцеся да доктара і паведаміце, з якой краіны вярнуліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?