Піша Стась Карпаў у сваім фэйсбуку.

Калі Сяргей Дубавец піша, што «беларусы не хочуць быць нацыяй» — яму можна запярэчыць двойчы. Адразу, напрыклад, сказаць, што калі вылавіць 100 інтэлектуальнейшых інтэлектуалаў, прыціснуць іх да сценачкі, зазірнуць у вочы і спытаць: «што такое нацыя» — то ў адказ ты пачуеш асабістыя развагі, пабудаваныя на ўласным разуменні ўласнага жыццёвага досведу. Азначэнні максімальна мудрагелістыя і заблытаныя — ажно да немажлівасці дакладнага разумення.

То бок у сухой рэшце, нацыя (асабліва беларуская) — гэта не з'ява, а індывідуальная мяжа нашых чаканняў і спосаб абагульнення няўдач у маштабе краіны.

Такім чынам, «не хочуць быць нацыяй» варта чытаць як «беларускі народ не хоча пазбавіць нас ад расчаравання няспраўджанымі чаканнямі».

Праўда, асабіста я не з'яўляюся настолькі расчараваным.

І другі раз мог бы адказаць Сяргею ўчора, стоячы пасярод вёскі Камаі, чытаючы на дзвярах крамы напісанае ад рукі «Увага. 11-га снежня працуем да 18-00» альбо прапанову купіць «куранятаў-бройлераў» на дошцы аб'яваў.

Наогул, па шчырасці я афігеў ад таго, што мясцоваму рускамоўнаму прадаўцу на маё «дзякуй» не западло адказаць «калі ласка», як не западло паказаць, як знайсці дом ксяндза (які абавязкова нас пусціць у зачынены касцёл). Для чаго — зачыніць краму і адвесці мяне да спецыяльнай інфармацыйнай шыльдачкі на вуліцы.

Жанчына на чыстай беларускай мове таксама дапамагала ў пошуках ксяндза, сказаўшы, што, на жаль, у яго «няма мабільнага тэлефона, бо ён гаворыць з людзьмі!». Разумей, дарэчы, як хочаш.

Пра касцёл і ксяндза я раскажу іншым разам (яны вельмі крутыя).

А сёння толькі пра тое, што ўсеагульнае камайскае жаданне прыняць удзел у лёсе менчукоў, якія апынуліся на ўскрайку Беларусі між напісаных ад рукі «снежняў», паміж куранятаў-бройлераў, прапаноў арганізацыі «вяселляў, жалобных абедаў і іншых мерапрыемстваў», паміж чысціні і заснежанай цішы — не дасць майму языку павярнуцца пад такім вуглом, каб сказаць, што беларусы не хочуць быць нацыяй.

Можа быць яны не ў стане імгненна суцішыць наш боль, але, зрэшты, не для гэтага іх такіх харошых, уважлівых і гасцінных мамы нараджалі. Самі як-небудзь суцішымся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна