У праваслаўных і ўніятаў розны Бог. Пра гэта заявіў праваслаўны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, адказваючы ў рамках перадачы «Гутаркі з мітрапалітам Паўлам», якая выйшла 27 студзеня на тэлеканале «Союз», на пытанні гомельскіх вернікаў, паведамляе Krynica.info. Відэа гутаркі прыводзіць партал «Царква».

Мітрапаліт Павел

Мітрапаліт Павел

У лістападзе 2017 года па тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт пра касцёл ў вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласці, у які мясцовы каталіцкі святар Марэк Пасют запрашае і праваслаўных вяскоўцаў, бо найбліжэйшая царква знаходзіцца за 10 кіламетраў ад вёскі. «Я не хачу навязваць каталіцкі касцёл, хачу проста дапамагчы сем’ям, дапамагчы дзецям, дапамагчы людзям вярнуцца да хрысціянскіх каранёў пасля атэізму», — адзначыў у сюжэце пробашч.

Пры гэтым каля касцёла ўсталяваная скульптура, якая сімвалізуе аб’яднанне каталіцкіх і праваслаўных крыжоў, а ў самім касцёле ёсць і іконы праваслаўных святых, у тым ліку Серафіма Сароўскага і Ефрасінні Полацкай. Таксама пры храме навучаюцца і дзеці дзвюх канфесій.

Адказваючы на пытанне гомельскіх вернікаў, мітрапаліт прызнаў, што праваслаўныя Бярозаўкі сапраўды не маюць сваёй царквы і таму ходзяць на службы ў касцёл. «Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаяце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сектанцкай арганізацыі — свой. Яны да нашага супольнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць. Госпад жа ў Евангеллі казаў: «У вас чэрава — Бог, у вас мамона — Бог». У язычнікаў жа таксама ідал — бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты», — адзначыў іерарх.

Кажучы пра сітуацыю змешаных праваслаўна-каталіцкіх сем’яў у Беларусі, мітрапаліт сказаў, што не варта ўмешвацца ў гэта, калі сем’і «жывуць у міры і згодзе» і пакуль «не саспелі стаць праваслаўнымі».

Акрамя таго, Патрыяршы Экзарх заявіў, што «ў Францыі, у Бельгіі» «каталікоў практычна няма», а храмы каталікі ці прадаюць, ці здаюць у арэнду.

Адзначым, што падчас экуменічнай малітвы 21 студзеня ў Мінску са словам прывітання ад мітрапаліта Паўла выступіў кіраўнік Сінадальнага аддзела БПЦ протаіерэй Мікалай Коржыч. Ён адзначыў важнасць таго, што ініцыятыва сабрацца належыць Каталіцкаму Касцёлу і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. «Гэта нагадвае нам словы Хрыста, каб «усе былі адно». На жаль, свет не захоўвае гэтага. Сёння такі час, калі хрысціяне, каб захаваць хрысціянскую веру, павінны аб’яднаць свае намаганні», — заявіў протаіерэй.

А, згодна з даследаваннямі WIN/Gallup International, Беларусь увайшла ў топ-20 самых нерэлігійных краін у свеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?