У Мінску пабачыў свет новы, 39-ты, выпуск альманаху «Запісы БІНіМ». Тэма гэтага нумару «Італійская мазаіка» ўключае ў сябе розныя праявы беларускай прысутнасці на Апенінах. Нездарма і прадмову да альманаху гэтым разам напісаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б’янкі.

Вялікую частку «італьянскай» складовай новых «Запісаў» прадстаўляюць матэрыялы з раздзелу «Да творчай спадчыны Пётры Татарыновіча»

Тут можна ўбачыць і ліставаньне гэтага каталіцкага святара, заснавальніка беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, выдаўца і найбольш вядомага дзеяча беларускай эміграцыі ў Італіі пасля Другой сусветнай вайны, і кавалкі ягоных успамінаў-спогадаў, і узор перакладніцкай працы. Тэксты Пётры Татарыновіча, як і ягоныя выданні, сярод іншага вызначаліся вельмі асабліваю моваю. І асобны матэрыял раздзела адлюстроўвае тую дыскусію, якая разгарнулася ў эміграцыйнай перыёдыцы адносна мовы твораў рымскага беларуса.

Італьянскай тэматыцы прысвечаныя і лісты ў адпаведным раздзеле «Запісаў». Тут карэспандэнцыя з Рыму і опернага спевака Пётры Конюха, і супрацоўніка беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Янкі Мойсіка, а таксама лісты біскупа Часлава Сіповіча з нагоды абрання Рымскага папы Яна Паўла ІІ.

У раздзеле «Выданне» прадстаўлены невялікі нарыс і частка бібліяграфіі выдаванага Пётрам Татарыновічам у Рыме перыёдыка «Зьніч». Поўная ж версія бібліяграфія, складзеная Алесем Аўдзеюком, змешчана на адмысловым дыску, які дадаецца да альманаху. Варта адзначыць, што гэта не першая бібліяграфія эміграцыйнага перыёдыка, змешчаная ў «Запісах». Раней на старонках выдання і на адмысловых дысках у дадатку былі надрукаваныя бібліяграфіі часопіса «Божым Шляхам», перыёдыкаў мюнхенскага Інстытута вывучэння СССР, персанальныя бібліяграфіі а. Аляксандра Надсана, Янкі Запрудніка, Вітаўта і Зоры Кіпеляў, Паўла Урбана і інш.

Працягам тэмы беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё стала запісаная ў 2015 г. гутарка з яе супрацоўнікамі Аляксандрам Панчанкам і Янкам Мойсікам. Таксама у альманаху можна знайсці тэкст пра пабудаваную святаром з Беларусі на пачатку ХХ ст. царкву ў Фларэнцыі, «італьянскія» вершы Аксаны Данільчык, аповед пра беларускіх вайскоўцаў у Італіі падчас і пасля Другой сусветнай вайны і інш.

У асобным раздзеле «Вакол кнігі» змешчаны тэксты Аксаны Данільчык і расійскага даследчыка ды каталіцкага святара з цэнтра «Russia Christiana» ў Італіі Уладзіміра Калупаева, прысвечаныя ўнікальнаму італьянскаму выданню — працы Джузэпэ Месіны «Беларуская літаратура», што пабачыла свет яшчэ ў 1952 г.

Па-за італьянскай тэматыкай у альманаху змешчаныя тэксты да будучай кнігі выбраных твораў дзеяча БНР Макара Краўцова, дзеля ўшанавання такім чынам і 100-годдзя абвяшчэння беларускай незалежнасці. Таксама ў выпуску — успаміны колішняга кіраўніка Саюза кампазітараў БССР, а пазней эмігранта ў Канадзе Дзмітрыя Камінскага, падрыхтаваныя Зінай Гімпелевіч, тэксты Лявона Юрэвіча пра асобныя моманты дачыненняў беларусаў з рускімі, літоўцамі і палякамі на эміграцыі, а таксама нарысы пра аўтараў і літаратурныя творы, аб’яднаныя пад назвай «Varia», ліставанне Юркі Віцьбіча.

Ужо традыцыйна ў «Запісах БІНіМ» публікуюцца тэксты дакладаў удзельнікаў секцыі па гісторыі беларускага замежжа, арганізаванай на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Ва ўгодкавай рубрыцы змешчаныя віншаванні з 90-годдзем Вітаўту Кіпелю і Янку Запрудніку, заўвагі дырэктара БІНіМа да колішняга выдання Купалаўскай энцыклапедыі, лісты Станіслава Станкевіча ў справе выдання газеты «Беларус».

Надзвычай багатая на кніжныя рэцэнзіі сёлетняя рубрыка «Кніжная паліца», дзе сярод аўтараў можна знайсці такіх кнігазнаўцаў як Ларыса Доўнар, Валянціна Лебедзева, Ганна Севярынец, Аляксандр Фядута і інш. Разнастайнай атрымалася і «Хроніка», што распавядае пра выставы, прызентацыі і іншыя падзеі, звязаныя з захаваннем і папулярызацыяй спадчыны беларускай эміграцыі.

Пры канцы альманаху, у адмысловым раздзеле «Кніга ў «Запісах», упершыню публікуецца праца амерыканскага беларуса Алеся Вініцкага «Матар’ялы да гісторыі беларускага скаўтынгу», заснаваная на ўнікальных скаўцкіх дакументах і ўспамінах.

Пабачыць новы выпуск альманаху «Запісы БІНіМ» можна ў «Акадэмкнізе».

***

Беларускі інстытут навукі і мастацтва — найстарэйшая дзейная беларуская навукова-асветная інстытуцыя на Захадзе. БІНіМ быў заснаваны ў Нью-Ёрку ў 1951 г. для аб’яднання беларускай інтэлектуальнай і творчай эліты на эміграцыі. Альманах «Запісы» выдаецца з 1952 г. Спачатку ён выходзіў у Нью-Ёрку, потым у 1962—1970 гг. — у Мюнхене, затым выданне зноў вярнулася ў Нью-Ёрк, а ад 2002 г. гэта ўжо нью-ёркска-менскі выдавецкі праект.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?