Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валеры Калінковіч агучыў імя сёмага «смяротніка». Да расстрэлу прысуджаны Віктар Лётаў, якога ў верасні 2017 года пакаралі за забойства сукамерніка ў глыбоцкай калоніі №13.

 Ілюстрацыйнае фота

 Ілюстрацыйнае фота

«Наша Ніва» высветліла, хто такі Лётаў і што здарылася ў калоніі.

Вядома, што 30-гадовы мужчына родам з Гродна. Ён не паспеў ані адвучыцца, ані ажаніцца, ані завесці дзяцей, бо фактычна ўсё жыцце правёў за кратамі — агулам Лётаў меў 4 судзімасці. Тры з іх — за забойствы сукамернікаў.

Першы раз яго асудзілі яшчэ падлеткам за цэлы шэраг злачынстваў: некалькі крадзяжоў, у тым ліку аўтамабіляў… Ён атрымаў 3 гады ў выхаваўчай калоніі.

Пасля адседкі Лётаў не змяніўся. Ізноў крадзяжы, рабаўніцтва. Яго знайшлі, затрымалі, судзілі. На гэты раз Віктару прысудзілі 7 гадоў калоніі, сядзеў у Оршы.

У аршанскай калоніі мужчына забіў сукамерніка. Быў суд, Віктар атрымаў 13 гадоў.

Але пасля гродзенец забіў яшчэ аднаго сукамерніка. На гэты раз яму прысудзілі 21 год зняволення.

Аднак і гэтае забойства не стала апошнім. У 2017 годзе ўжо ў Глыбокім, у выпраўленчай калоніі №13, Лётаў яшчэ раз забіў чалавека. Ахвярай ізноў стаў зняволены — яны працавалі разам.

Вядома, што Лётаў працаваў у калоніі, у цэху, дзе чысцілі кабелі, аддзяляючы ізаляцыю ад дротаў. Падчас працы зняволеныя выкарыстоўвалі невялікія металічныя пласціны, даўжынёй сантыметраў пяць.

Лётаў скраў адну пласціну і схаваў. Калі разам з іншым зняволеным вывозіў смецце, ён спыніў «калегу» ў месцы, дзе нікога больш не было, і нанёс ахвяры мноства ўдараў металічнай пласцінай.

Мужчына сканаў.

Затым Віктар адправіўся да аховы і паведаміў, што зарэзаў зняволенага. Матывы Лётаў асабліва не тлумачыў: сказаў, што даўно адчуваў да ахвяры асабістую непрыязнасць і гідлівасць.

Крыніцы «Нашай Нівы» паведамляюць, што гэта звязана з тым, што забіты належаў да так званай касты «апушчаных». Мужчына, які стаў ахвярай, быў двойчы асуджаны за сэксуальныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетніх. Апошні раз яму прысудзілі 14 гадоў зняволення.

На судзе Лётаў прызнаў віну, пацвердзіў, што забойства планаваў загадзя. Ён сам папрасіў для сябе расстрэл, таму і не абскарджваў пасля прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?