Некаторы час таму на сайт «Нашай Нівы» прыйшло паведамленне ад чытача, у якім расказвалася пра смерць жыхара Паставаў Аляксея Яршова.

Аляксей Яршоў

Аляксей Яршоў

Нагадаем, Яршоў ваяваў на Данбасе ў шэрагах сепаратыстаў, а пасля вяртання ў Беларусь быў затрыманы. У верасні 2017 года Віцебскі абласны суд пакараў Яршова 2 гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у баявых дзеяннях за мяжой.

Праўда, Аляксей доўга дома не сядзеў. Ужо ў лістападзе стала вядома, што Яршоў з’ехаў спачатку ў Расію, а адтуль зноў на Данбас.

І вось у лютым невядомы напісаў у «Нашу Ніву»: маўляў, Аляксея Яршова забілі, піша вам яго блізкі сябар, можа, вас зацікавіць гэтая інфармацыя. У якасці кантакта быў пакінуты адрас электроннай пошты.

Ніводнага пацверджання смерці Яршова не адшукалася. Паводле справаздач сілавых структур «ДНР», у названы ў паведамленні дзень ніхто з баевікоў не загінуў. Сваякі і знаёмыя, якія трымалі сувязь з ім, таксама не пацвердзілі гэтага.

Не пабачыўшы рэакцыі «Нашай Нівы» на першае паведамленне, нехта даслаў на пошту падрабязнасці «смерці» Яршова: «Загінуў пры вядзенні баявых дзеянняў, падчас выканання баявога задання, — а ён служыў у выведцы, — снайпер трапіў яму ў сківіцу. Ён памёр праз тры гадзіны, яго асабістыя рэчы і завяшчанне былі высланы яго жонцы, у завяшчанні ён прасіў схаваць ад родных месца яго пахавання».

Дзіўнаватае паведамленне стала яшчэ больш абсурдным, бо было даслана з пошты самога Аляксея Яршова.

Атрымалася, што Аляксей Яршоў, «блізкі сябар Аляксея Яршова», пісаў, што «быў з Аляксеям Яршовым, калі ў яго трапіла куля».

Але навошта адпраўляць завяшчанне былой жонцы, якую разам з дзіцём Аляксей, не вагаючыся, пакінуў? Да таго ж, кажуць у Паставах, яна нядаўна зноў выйшла замуж. Няўжо гэтага не ведаў Яршоў?

Маці пра «смерць» сына нічога не кажа — яна ўвогуле адмаўляецца размаўляць з журналістамі. Але яе суседзі ўпэўнена абвяргаюць чуткі пра смерць — прытым вядома, што яны таксама падтрымлівалі сувязь з Аляксеем.

Выглядае ўсё так, нібыта Аляксей Яршоў вырашыў сам паведаміць пра сваю «смерць»: ці то каб сям’ю не турбавала міліцыя, ці то спадзеючыся, што ўлады і сілавікі таксама павераць, здымуць яго імя з вышуку і Яршову ўдасца вярнуцца ў Беларусь.

Але проста забыўся, што ў пошце ў якасці подпісу дагэтуль стаіць яго імя і прозвішча.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?