Аднойчы кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома… Так пачынаецца кніжка «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў», поўная прыгодаў ката і хлопчыка Алеся ў парку Чалюскінцаў.

Мы даведаемся, як завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі.

Чым кніга асаблівая? Па-першае, дзеянне адбываецца ў сапраўдным сённяшнім Мінску: вы пабываеце на завулку Калініна, бульвары Талбухіна, у Парку Чалюскінцаў.

Па-другое, «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў» — толькі першая кніга з серыі пра незвычайнага ката і яго сяброў. Чытачоў чакае працяг — каб сабраць усю калекцыю, варта пачынаць ужо цяпер! Па-трэцяе, ілюстрацыі ў кнізе жывуць асобным жыццём: калі іх уважліва разгледаць, можна заўважыць, што персанажаў трошкі больш, чым у тэксце. І ў гэтых загадкавых персанажаў таксама ёсць свая цікавая гісторыя.

Кнігу напісала перакладчыца кніг для дзяцей і дарослых Ганна Янкута.

Дзякуючы ёй па-беларуску выйшлі гісторыі пра Шэрлака Холмса, зімовая казка з прывідамі «Калядны харал» Дыкенса, кніга жахаў «Замак Отранта» Уолпала і шмат чаго яшчэ. Арыгінальныя малюнкі стварыла Ліля Давыдоўская — ілюстратарка і дызайнерка, выпускніца Акадэміі мастацтваў, якая жыве ў Каіры (Егіпет).

На краўдфандынгавай платформе «Улей» распачаўся збор сродкаў на выданне гэтай кнігі. Краўдфандынгавая кампанія працуе па прынцыпе перадзамовы: чытачы, якія падтрымаюць праект, атрымаюць кнігу па самай нізкай цане.

Асобнік з аўтографамі аўтараў будзе каштаваць 16 рублёў, 2 асобнікі — 30 рублёў, 3 асобнікі — 44 рублі.

Выхад кнігі плануецца на чэрвень 2018 года. Яна будзе мець 80 старонак вялікага фармату на шчыльнай крэйдаванай паперы, цвёрдую вокладку. Усе ілюстрацыі (а іх больш за 70) будуць каляровымі.

Дзеці даўно мусяць дазнацца праўду пра атракцыёны ў мінскім Парку Чалюскінцаў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0