Раніцай (па мінскім часе) 11 сакавіка ў Сан-Антоніа адбыўся бой за вакантны пояс чэмпіёна свету WBA ў паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг) паміж беларусам Кірылам Рэліхам і нябітым кубінцам Ранзесам Бартэлемі.

Гэта была іх другая сустрэча: у папярэднім баі суддзі аддалі перамогу Бартэлемі, хаця бой ён дакладна не выйграў.

Тады выйшаў скандал з прызначэннем неадкладнага рэваншу, а суддзям першага бою WBA выказала недавер.

Другі бой ад самага пачатку прайшоў пад дыктоўку беларуса, Бартэлемі не здолеў паказаць нічога чэмпіёнскага: ён правёў cустрэчу ў абароне, перыядычна выкідваючы аматарскія ўдарныя серыі з хукаў, якія не наносілі шкоды Рэліху. 

Апроч таго, кубінец баксіраваў вельмі брудна: ён, як кажуць баксёры, «усю дарогу лупіў па шарах», ударыўшы ніжэй за пояс прынамсі пяць разоў.

І калі чатыры разы гэта глядзелася як быццам бы ненаўмысна, то ў 12-м раўндзе ён ударыў у пах наўпроставым ударам.

У выніку, лік у сустрэчы атрымаўся проста разгромным па версіях усіх суддзяў.

Кірыл Рэліх — новы чэмпіён свету!

«Як гэта, стаць чэмпіёнам свету з Беларусі?» — спыталі ў яго адразу пасля бою.

«Гэта была мая мара, мая мэта, да якой я ішоў 20 год», — сказаў Рэліх. 

Наступны бой Рэліх хоча правесці з пераможцам бою Майкі Гарсія — Сяргей Ліпінец, каб аб'яднаць свой чэмпіёнскі тытул WBA з тытулам IBF. Як стала вядома сёння, Майкі Гарсія стаў чэмпіёнам свету па версіі IBF у першай паўсярэдняй вазе.

Рэліх, нагадаем, пазалетась спрабаваў адабраць тытул чэмпіёна свету ў Рыкі Бёрнса, і нават адправіў яго на падлогу, але тады эксперты сышліся ў думцы, што немагчыма адабраць пояс у брытанца пры суддзях брытанцах, калі бой праходзіць у Брытаніі.

***

Кірыл Рэліх паходзіць з Баранавіч, з жонкай у іх двое дзяцей.

Доўгі час Кірыл трэніраваўся ў мінскага спецыяліста Сяргея Пыталева, потым перайшоў да колішняй брытанскай зоркі Рыкі Хатана, але пакінуў яго каманду праз «псіхалагічны дыскамфорт». 

Да чэмпіёнскага бою Рэліх спачатку рыхтаваўся ў Мінску са сваім сябрам і трэнерам Сяргеем Рабчанкам, але потым, праз ультыматум арганізатараў бою, вылецеў у трэніровачны лагер у ЗША. 

Чытайце таксама: Што гэта за пояс WBA, які заваяваў беларускі баксёр Кірыл Рэліх? Тлумачым

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?